навіны

«Дармаедам» на Гомельшчыне пачалі дасылаць «апавяшчэнні аб яўцы» з міліцыі

Працоўная кніжка ў Беларусі. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by
Працоўная кніжка ў Беларусі. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by
podpis źródła zdjęcia

Жыхары Гомельскай вобласці, улучаныя ў спісы «незанятых у эканоміцы», пачалі атрымліваць апавяшчэнні з міліцыі, якія больш падобныя да позваў.

У адным з такіх «апавяшчэнняў аб яўцы» ва ўльтыматыўным тоне напісана, што атрымальніку неабходна з'явіцца ў мясцовы РАУС «для развязання пытання працаўладкавання», паведамляе «Флагшток».


Людзям прапануюць пацвердзіць занятасць або цяжкую жыццёвую сітуацыю, што не дае працаваць, дакументамі. Іх просяць прынесці ў раённую камісію ў справе садзейнічання занятасці.


У апавяшчэнні таксама напісана, што працу міліцыя праводзіць у мэтах «забеспячэння захавання канстытуцыйнага абавязання грамадзянаў аб удзеле ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў шляхам выплаты падаткаў». Між тым у Канстытуцыі Беларусі нічога такога няма.


У некаторых выпадках такія апавяшчэнні прыходзілі грамадзянам, якія ўжо пяць і больш гадоў не жывуць у Беларусі і працуюць за мяжою. А калі чалавек працуе не ў краіне ЕАЭС (Беларусь, Расея, Казахстан, Арменія, Кіргізія), а напрыклад, у Польшчы ці Літве, для ўладаў краіны ён усё роўна «дармаед».


Нагадаем, раней такія лісты «незанятым у эканоміцы» не прыходзілі, хіба што з прапановаю пацвердзіць свой статус у камісіі ў пытанні працы або звярнуцца па дапамогу з працаўладкаваннем.


У студзені Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі не павінна быць «бамжоў і дармаедаў». Мабыць, гэта паскорыла рэакцыю гомельскіх чыноўнікаў. Ужо ў лютым міністр унутраных справаў Беларусі Іван Кубракоў даў міліцыі загад правесці «пазапланавыя адпрацаванні» для выяўлення «працаздольных асобаў, не занятых у эканоміцы». Тых, хто не працуе з прычыны алкагольнай ці наркатычнай залежнасці, міністр загадаў адправіць у лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Пасля рэйдаў Кубракоў распавёў, што ў цэнтры занятасці насельніцтва павялічылася колькасць зваротаў.


У краіне кожны квартал пералічваюць «дармаедаў» — людзей, якія без важных прычынаў (пенсія, дэкрэтны водпуск, інваліднасць і г. д.) не занятыя ў эканоміцы. «Дармаеды» з базы, у якіх ва ўласнасці сваё жытло, плацяць поўныя тарыфы на гарачую ваду, цяпло і газ. «Недармаеды» аплачваюць субсідаваныя тарыфы — крыху менш за 90 % кошту «камуналкі».


Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10