Павел Бялюцін, які больш за тры тыдні таму знік у Польшчы, быў затрыманы КДБ. Яго паказалі ў тым самым фільме, што і каліноўца Васіля Грачыху.
Паўла Бялюціна назвалі ўдзельнікам «Віленскай харугвы», які трэнаваўся «паводле ваенізаванага ўзору». Таксама ў прапагандысцкім фільме сказалі, што ён уваходзіў у склад групы, якая нібыта рыхтавала атаку беспілотнікамі па Беларускай АЭС.
На пастановачных кадрах Бялюціна выводзяць з самалёта, як некалі выводзілі Васіля Верамейчыка, якога даставілі ў Беларусь з В’етнаму.
Паводле заявы начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанціна Бычака, дастаўка Бялюціна ў Беларусь трывала 732 дні і ёсць «апагеем аперацыі вонкавай выведкі».
Нагадаем, што Бялюцін знік у Варшаве больш за тры тыдні таму, пра што паведаміла выданню «Еўрарадыё» ягоная жонка.
Пра Паўла Бялюціна вядома, што ў 2022 годзе ён быў асуджаны на «хатнюю хімію» за нібыта знявагу прадстаўніка ўлады.
Падчас выбараў у Каардынацыйную раду трэцяга склікання ў 2024 годзе ён балатаваўся ў яе ад аб’яднання «Салідарнасць», але быў выключаны са спісу пасля таго, як у базе зваротаў у КДБ, здабытай «Кіберпартызанамі», знайшлі ягоны данос на палітвязня Мікалая Аўтуховіча. Як высветлілася з базы, Павел Бялюцін адправіў паведамленне ў КДБ 31 студзеня 2017 года.
У гэтым жа фільме паказалі затрыманне байца палка Каліноўскага Васіля Грачыхі.
Раман Шавель belsat.eu