Цягам трох дзён красавіка праз беларуска-польскую мяжу спрабавалі пранікнуць 420 мігрантаў. Памежнікі фіксуюць значны рост прарываў.
Прэс-служба польскіх памежнікаў адзначае, што асобы, якія атакуюць мяжу, паводзяцца агрэсіўна і кідаюць у памежнікаў камяні.
,,«1 красавіка на мяжы з Беларуссю былі зафіксаваныя 110 спробаў незаконна трапіць у Польшчу, амаль усе з іх былі спыненыя. У дачыненні дзвюх асобаў былі праведзеныя захады з мэтай іхнага затрымання. У бок патрулёў кідаліся камяні. Пашкоджаныя два транспартавыя сродкі Памежнай службы», – напісалі польскія памежнікі ў сваім акаўнце ў Х.
2 сакавіка мяжу спрабавалі мінуць 180 асобаў, з іх спыніць удалося 150. Пры гэтым мігрантам удалося праламаць агароджу.
3 сакавіка былі зафіксаваныя 130 спробаў нелегальна перайсці мяжу. Супраць дзевяці асобаў былі ўжытыя захады для затрымання, яшчэ двух чалавек затрымалі за пасобніцтва.
Адметна, што з 28 да 30 сакавіка польскія памежнікі зафіксавалі 620 спробаў незаконнага пераходу.
У тэлеграм-канале «Што думаюць беларусы», які сочыць за колькасцю пераходаў мяжы, адзначаецца, што колькасць спробаў нелегальна трапіць у краіны ЕЗ з тэрыторыі Беларусі расце ўжо 5 тыдняў запар.

Нагадаем, што перад «выбарамі», якія ўлады Беларусі праводзілі 26 студзеня 2025 года, колькасць нелегальных пераходаў знізілася да мінімальных значэнняў, часам такіх пераходаў не фіксавалі некалькі дзён.
Раман Шавель belsat.eu