навіны

Сітуацыя стабільная – кошты растуць. МАРГ распавёў, чаму

Беларускія грошы
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія грошы. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Сітуацыя з цэнамі ў Беларусі стабільная і «кіраваная», заявіла Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Пры гэтым міністэрства апублікавала спіс прычын, з якіх кошты растуць.

Па выніках сакавіка інфляцыя ў гадавым выражэнні вырасла на 5,9 %. За аналагічны перыяд мінулага года было 5,6 %.

,,

«Да асноўных прычын росту коштаў у першым квартале 2025 года можна аднесці павышэнне коштаў імпарту на фоне высокай інфляцыі ў Расейскай Федэрацыі, павелічэння сусветных коштаў на асобныя харчовыя тавары; змяненне геаграфіі імпарту па асобных таварах», – адзначае МАРГ.


Са спасылкай на звесткі Сусветнага банку беларускія чыноўнікі распавядаюць, што, напрыклад, кошты на каву арабіка ў сярэднім выраслі ў свеце на 93,7%, на каву рабуста – на 55,6%, а на какава-бабы з кастрычніка 2024 года да студзеня 2025 года – на 64,7 %.


Таксама кошты растуць праз тое, што вытворцы маглі рэзка падвысіць кошты. Згодна з пастановай № 713, якой дзяржава жорстка рэгулюе кошты, вытворцы ўсё ж могуць без узгаднення з дзяржавай павышаць іх кожны месяц, але не больш, чым на 0,3 %.

Людзі ў чарзе да банкамата на Камароўскім рынку ў Менску, Беларусь. Верасень 2021 года. Фота: Белсат

Беларусы чакаюць, што разбагацеюць яшчэ больш, і дарэмна. Эксперты BEROC – пра сітуацыю ў эканоміцы

Аналітыка

«Калі вытворца не карыстаўся гэтым правам, напрыклад, у 2024 годзе, то ў студзені 2025 года меў магчымасць падвысіць кошт адразу за ўвесь папярэдні перыяд», – тлумачыць МАРГ.


Яшчэ адна прычына – сезоннае павышэнне коштаў на гародніну і яблыкі ў перыяд, калі новага ўраджаю яшчэ няма, а старыя запасы скарачаюцца або зусім скончыліся.


МАРГ паказвае і на «некаторае паслабленне цэнавага рэгулявання», якім карыстаюцца вытворцы і прадаўцы.


«Разам з тым, коштавая сітуацыя на спажывецкім рынку застаецца кіраванай і стабільнай», – сцвярджае МАРГ.


Аднак незалежныя эканамісты даўно папярэджваюць аб праблемах, якія стварае штучнае цэнавае рэгуляванне. Адна з іх – інфляцыйны навес. Гэта азначае, што без рэгулявання цэны павінны былі вырасці значна болей.


Эксперт BEROC Анатоль Харытончык у сярэдзіне лютага адзначаў, што, калі б кошты адпусцілі, то яны выраслі б на 10%.


«Калі тавары, асабліва нехарчовыя, даражэлі вельмі стрыманымі тэмпамі ў канцы мінулага года і ў студзені бягучага, то нерэгулюемыя паслугі даражэлі двухзначнымі тэмпамі ў апошнія месяцы. Падвышаная інфляцыя ў сегменце нерэгулюемых паслуг як раз з'яўляецца праявай разбалансаванасці беларускай эканомікі», – адзначыў Харытончык.


Такі стан эканомікі робіць яе больш уразлівай у выпадку шокаў.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10