У Беларусі рыхтуецца шэраг зменаў у Працоўны кодэкс, мэта якіх зрабіць працоўнае заканадаўства больш гнуткім і сучасным, улічваючы патрэбы і працадаўцаў, і работнікаў, гавораць чыноўнікі.
Пра новаўвязенні, якія могуць быць прынятыя неўзабаве, заявіла міністарка працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка.
Адно з новаўвядзенняў – больш гнуткія кантракты. Сённяшняя сістэма кантрактаў часта абмяжоўвае бакі ў вызначэнні тэрмінаў, адзначыла міністарка. Напрыклад, нават калі работнік і працадаўца жадаюць заключыць кантракт на тры гады, ім даступнае толькі падаўжэнне на адзін. Плануецца зняць такія абмежаванні.
,,«Такія абмежаванні трэба зымаць, рабіць сістэму больш гнуткай, якая адпавядае патрэбам наймальнікаў і працаўнікоў», – адзначыла Паўлючэнка.
Яшчэ адным новаўвядзеннем можа стаць забарона на падмену працоўных дагавораў грамадзянска-прававымі. Шырока распаўсюджаная практыка, калі замест афіцыйнага працоўнага дагавора заключаюцца грамадзянска-прававыя – каб абыйсці сацыяльныя гарантыі (адпачынкі, бальнічныя і г. д.).
,,«Такі падыход звязаны з рызыкамі, ён пазбаўляе працаўніка магчымасці атрымання асноўных сацыяьна-працоўных правоў і гарантыяў, прадугледжаных заканадаўствам», – падкрэсліла міністр.
Яшчэ адна навацыя датычыць настаўніцтва для маладых спецыялістаў. Каб замацаваць маладыя кадры і дапамагчы ім адаптавацца, у кодэкс увядуць інстытут настаўніцтва. Сёння гэта не рэгулюецца на агульнанацыянальным узроўні, і працадаўцы вырашаюць усё самастойна.
«Наспела неабходнасць замацаваць інстытут настаўніцтва ў Працоўным кодэксе», – заўважыла Паўлючэнка.
Акрамя таго, міністарка паведаміла, што паводле звестак на канец сакавіка, у агульнанацыянальным банку вакансій налічваецца каля 190 тысяч вольных працоўных месцаў, і 70% з іх прыпадае на рабочыя спецыяльнасці. У вытворчасці асабліва патрэбныя электраманцёры, слесары і зваршчыкі. У сферы паслуг найбольш запатрабаваныя прадаўцы, кіроўцы і работнікі бытавога абслугоўвання.
Нагадаем, што апошнім часам у Беларусі назіраецца вялікі дэфіцыт працоўнай сілы па самых розных спецыяльнасцях, і ўлады шукаюць спосабы, як даць рады ў такой сітуацыі. Гэта пацвердзіла ў інтэрв’ю і міністарка:
,,«Попыт на працоўную сілу расце. Для кадравага забеспячэння эканомікі краіны неабходна шукаць дадатковыя крыніцы. Гэта паслужыла прычынай зменаў у заканадаўства аб міграцыі, якія прадугледжваюць прыцягненне кадраў з-за мяжы», – адзначыла Паўлючэнка.
Ліквідаваць недахоп спецыялістаў улады хочуць за кошт гастарбайтараў, напрыклад з Пакістана. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас перамоваў з прэм'ер-міністрам Пакістану Шахбазам Шарыфам 11 красавіка. Лукашэнка сказаў, што Беларусь гатовая прыняць на працу 100–150 тыс. пакістанскіх работнікаў.
Раман Шавель belsat.eu