Расейскія спецслужбы падманулі 17-гадовага ўцекача ад вайны з Украіны Данііла Бардадзіма, які за ўзнагароду пагадзіўся падпаліць цэнтр «Ikea» ў Літве. З абяцанага ён атрымаў толькі малую частку, але таксама і зняволенне паводле крымінальнай справы.
Падпал «Ikea» ў Вільні адбыўся ўночы 9 траўня 2024 года. Пазней паліцыянты спынілі аўтобус, якім падазраваны ехаў з Літвы ў суседнюю Латвію, і арыштавалі яго. Сярод рэчаў у аўтобусе былі запальныя прылады, якія, на думку следчых, павінны былі быць выкарыстаныя пры іншым падпале ў Рызе, адзначае «The New York Times».
Пазней былі выяўленыя і падрабязнасці рыхтавання дыверсіі: выкарыстанне шафкі на чыгуначным вакзале Вільні для захоўвання торбы з выбухоўкаю, шэсць мабільных тэлефонаў, чатыры дэтанатары і два вібратары, меркаванае выкарыстанне якіх незразумелае.
Дыверсантам выявіўся 17-гадовы ўцякач з Украіны Данііл Бардадзім. Ягоная маці дасюль жыве ў Херсоне. Літоўскія следчыя мяркуюць, што падлетак, як і іншыя ўдзельнікі нападу на «Ikea», былі ў асноўным матываваныя грашыма. Завербавалі ж іх у сацыяльных сетках, карыстаючыся цяжкім матэрыяльным становішчам маладзёнаў. Прарасейскіх поглядаў у Бардадзіма выяўлена не было.
Інструкцыі падлетак атрымліваў праз Telegram ад карыстальніка пад нікам Warrior2Alpha, а таксама праз кітайскі мэсэнджар Zengi ад куратара на імя Q, што можа адсылаць да персанажа з фільмаў пра Джэймза Бонда.
Паводле следства, Бардадзім у красавіку 2024 года прыехаў у Літву з Польшчы. Ён агледзеў крамы «Ikea» ў Шаўлях і Вільні, пасля чаго вярнуўся ў Польшчу. У Літву хлопец вярнуўся, каб 8 траўня закласці запальную прыладу ў аддзеле пасцельнай бялізны віленскай крамы. Час быў абраны такі, каб выбух адбыўся 9 траўня. Аднак, хоць прылада і выклікала пажар, гандлёвы цэнтр не згарэў.
Паводле пракурораў, Бардадзім меў суўдзельнікаў у Літве, у тым ліку суайчынніка з Украіны, які дапамог у нападзе на «Ikea» і пасля быў арыштаваны ў Польшчы. Таксама выявілася, што падлетку за падпал абяцалі аўтамабіль BMW і каля $ 11 000 наяўнымі. Атрымаў ён толькі стары аўтамабіль.
Нагадаем, што паводле версіі пракуратуры, галоўная мэта тэрактаў – нагнятанне страху сярод насельніцтва, ціск на Літву і ЕЗ дзеля скарачэння падтрымання Украіны, а таксама дэстабілізацыя сітуацыі. Выбар «Ikea» быў невыпадковы: кампанія пайшла з расейскага рынку, што магло стацца дадатковым матывам для атакі.
Таксама ў траўні 2024 года ў Польшчы затрымалі дзевяцёх асобаў, якіх падазраюць у беспасярэднім удзеле ў дыверсіях на тэрыторыі Польшчы паводле задання расейскіх спецслужбаў. Маюцца на ўвазе наёмныя выканаўцы – часам гэта людзі з крымінальнага свету. Сярод іх былі грамадзяне Польшчы, Беларусі і Украіны.
Якуб Хруст belsat.eu