Пасля таго, як 9 красавіка прэзідэнт ЗША Доналд Трамп абвясціў пра 90-дзённае адтэрмінаванне ўвядзення мытаў для ўсіх краінаў, акрамя Кітаю, рэзка выраслі біржавыя індэксы амерыканскіх кампаніяў. Таксама растуць азіяцкія рынкі, піша ВВС.
Цэны на акцыі амерыканскіх кампаніяў выраслі на 8 – 12 %, хоць усё роўна яшчэ не вярнуліся на ўзровень да падзення цягам апошніх дзён.
Індэкс S&P 500 вырас на 9,5 % і паказаў найбольшы дзённы прырост з 2008 года.
На 7,8 % вырас індэкс «Dow Jones», больш чым на 12 % – індэкс акцыяў «Nasdaq», на 11 % – кампаніі «Nike».
Акцыі «Apple» падаражэлі прыкладна на 15 %.
Выраслі таксама ф’ючарсы на амерыканскую нафту «Brent» – з 62,86 да 65,71 долара за барэль. Курс біткойна зрабіўся вышэйшым на 9,37 %.
На раніцу 10 красавіка паказалі рост таксама азіяцкія біржы: японскі індэкс «Nikkei 225» вырас на 7,6 %, паўднёвакарэйскі «Kospi» – на 5 %, тайванскі «Taiex» – на 9,25 %, шанхайскі «SSE Shanghai Composite» – на 1,3 %, ганконгскі «Hang Seng» – на 3 %.
Пайшоў уверх таксама аўстралійскі індэкс ASX 200 – на 4,6 %.
У сераду 9 красавіка Доналд Трамп абвясціў, што ўводзіць 90-дзённае замарожванне пошлінаў для прыкладна 60 краінаў. Мыты мусілі набыць моц менавіта ў гэты дзень – 9 красавіка. Але пакуль што застанецца базавая пошліна ў 10 % і 25 % – тарыфы на імпартныя аўтамабілі, сталь і алюміній.
На кітайскі імпарт Трамп абвясціў пошліны ў памеры 125 %. Такую пастанову прэзідэнт ЗША патлумачыў «адсутнасцю павагі», якую, паводле ягоных словаў, Пекін праяўляе да сусветных рынкаў.
2 красавіка Доналд Трамп абвясціў пра ўвядзенне новых імпартных пошлінаў на прадукцыю з большасці краінаў свету, назваўшы гэты дзень «днём вызвалення Амерыкі». Ён заявіў, што ЗША доўгі час зніжалі гандлёвыя бар’еры, тады як іншыя краіны, наадварот, уводзілі высокія тарыфы на амерыканскія тавары.
Мусілі быць вызначаныя наступныя тарыфы: 20 % – супраць Еўразвязу, 24 % – супраць Японіі і 26 % – супраць Індыі. Для М’янмы і В’етнаму – каля 50 %. У дачыненні Беларусі і Расеі тарыфы не ўводзіліся, а супраць Украіны мелі скласці 10 %.
У адказ некалькі дзяржаваў абвясцілі пра падвышэнне сваіх мытных збораў на прадукцыю з ЗША. Кітай устанавіў пошліны на ўсе амерыканскія тавары на ўзроўні 84 %, а Еўразвяз узгадніў тарыфы ў межах ад 10 % да 25 % на шэраг пазіцыяў, у тым ліку тытунь, матацыклы, мяса птушкі, сталь і алюміній.
На фоне гэтых падзеяў індэксы амерыканскіх акцыяў рэзка ўпалі. Эканамісты папярэджвалі, што гэта прывядзе да спаду як амерыканскай, так і сусветнай эканомікі.
,,«Прэзідэнт Доналд Трамп трымаўся, калі распрадавалі акцыі, але калі пачаў слабець і рынак бондаў (дзяржаўных пазыковых абавязанняў, што ўважаюцца самымі надзейнымі цэннымі паперамі), было толькі пытанне часу, калі ён здасць назад», – казаў Пол Эшўарт, галоўны эканаміст кампаніі «Capital Economics» у Паўночнай Амерыцы.
9 красавіка Трамп заявіў, што больш як 75 краінаў звярнуліся да Злучаных Штатаў з прапановаю перамоваў у гандлёвых пытаннях. Улічваючы, што гэтыя краіны не прынялі адваротных захадаў супраць ЗША, Трамп загадаў увесці 90-дзённую паўзу для ўзаемных тарыфаў і часова знізіць іх да 10 %.
Марыя Міхалевіч belsat.eu