навіны

Трамп абвясціў пра рэзкае павышэнне тарыфаў для Кітая: гандлёвая вайна працягваецца

Доналд Трамп абвяшчае пра ўвядзенне новых тарыфаў. Фота: The White House / Facebook
Доналд Трамп абвяшчае пра ўвядзенне новых тарыфаў. Фота: The White House / Facebook
podpis źródła zdjęcia

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп абвясціў пра новае павышэнне імпартных тарыфаў на тавары з Кітаю – цяпер яны дасягнулі 125 %. Але для іншых краінаў, наадварот, увод тарыфаў адтэрмінаваў на 90 дзён.

Такую пастанову Трамп патлумачыў «адсутнасцю павагі», якую, паводле ягоных словаў, Пекін праяўляе да сусветных рынкаў.

,,

«Зыходзячы з адсутнасці павагі, якую Кітай праявіў да сусветных рынкаў, я абвяшчаю аб неадкладным павышэнні тарыфу, што спаганяецца з Кітаю Злучанымі Штатамі Амерыкі, да 125 %. Спадзяюся, што ў найбліжэйшай будучыні Кітай зразумее: часы, калі ЗША і іншыя краіны можна было бязмежна выкарыстоўваць, прайшлі, і гэта больш непрымальна і няўстойліва», – напісаў Трамп у акаўнце сацыяльнай сеткі Truth.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: fxquadro / Freepik

Гандлёвая вайна Трампа: у свеце чакаюць патанення паліва, а ў Беларусі яно даражэе

Аналітыка

Адначасова Трамп паведаміў, што больш як 75 краінаў звярнуліся да Злучаных Штатаў з прапановаю перамоваў у гандлёвых пытаннях. Улічваючы, што гэтыя краіны не прынялі адваротных захадаў супраць ЗША, Трамп загадаў увесці 90-дзённую паўзу для ўзаемных тарыфаў і часова знізіць іх да 10 %.

2 красавіка Доналд Трамп абвясціў пра ўвядзенне новых імпартных мытаў на прадукцыю з большасці краінаў свету, назваўшы гэты дзень «днём вызвалення Амерыкі». Ён заявіў, што ЗША доўга зніжалі гандлёвыя бар’еры, у той час як іншыя краіны, наадварот, уводзілі высокія тарыфы на амерыканскія тавары.

У адказ некалькі дзяржаваў абвясцілі пра павышэнне сваіх мытных збораў на прадукцыю з ЗША. Кітай усталяваў мыты на ўсе амерыканскія тавары на ўзроўні 84 %, а Еўразвяз узгадніў тарыфы ў межах ад 10 % да 25 % на шэраг пазіцыяў, у тым ліку тытунь, матацыклы, мяса птушкі, сталь і алюміній.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10