Глафіра Жук даведалася, што ейныя звесткі ўнеслі ў базу вышуку, з «Медыязоны». У выпадку, калі журналістка апынецца на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі або Беларусі, яе мусяць затрымаць.
Летам 2021 года сілавікі затрымалі дзяўчыну проста ў цырульні на вуліцы Сурганава. У міліцыі Маскоўскага раёну Менску высветлілася, што падставаю для складання пратаколу стаў ейны візіт на судовае паседжанне, дзе разглядалася «справа студэнтаў». Суд арыштаваў дзяўчыну на 30 содняў.
Пасля таго, як Глафіра адбыла арышт, яе адлічылі з трэцяга курсу журфаку БДУ. Адміністрацыя спаслалася на фармальную прычыну – адсутнасць на іспытах без важкай прычыны.
«Крымінальную справу ў Беларусі супраць мяне распачалі ўлетку 2024 года, маёй справай займаецца КДБ. Паводле якога артыкулу, невядома. Я даўно з’ехала, а дзяржава ўсё яшчэ так "клапоціцца" пра мяне.
Тое, што мяне абвясцілі ў вышук у Расеі, Беларусі, я ўспрымаю як прафесійную ацэнку сваёй працы. У краіне, дзе за праўду пераследуюць, такая рэакцыя – гэта знак якасці. Гэта значыць, што я добра працую. А калі твая праца раздражняе аўтарытарны рэжым, значыць, ты на правільным шляху», – сказала «Белсату» Глафіра Жук.
Восенню 2021 года Глафіра выехала з Беларусі спачатку ва Украіну, а адтуль у Літву. Глафіра паведаміла, што працуе як фрылансерка. Яна супрацоўнічала з радыё «Свабода», а таксама з газетамі «Народная Воля» і «Наша Ніва».
Колькасць беларусаў, якіх МУС РФ дадае ў базу вышуку, няўхільна расце, піша «Медыязона». За апошнія пяць месяцаў у яе трапілі больш за 1200 грамадзянаў і нарадзінцаў Беларусі. Агулам база налічвае больш як 4700 беларусаў. Сярод іх – вядомыя журналісты, былыя палітвязні, праваабаронцы, актывісты, добраахвотнікі.
Любоў Лунёва belsat.eu