Дакумент з пазначэннем, каго менавіта ў нашай краіне трэба любіць і кім канкрэтна трэба ганарыцца, неўзабаве мае пабачыць свет.
На адным з найбліжэйшых пасяджэнняў Рэспубліканскай рады ў справе гістарычнай палітыкі зацвердзяць спіс найвыбітнейшых асобаў Беларусі. Гучны анонс у эфіры СТВ зрабіў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін.
«Напрыклад, Еўфрасіння Полацкая, Кірыл Тураўскі, Францыск Скарына, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Канстанцін Заслонаў, Пятро Машэраў – я буду пералічваць і пералічваць, і пералічваць! Гэта тыя людзі, якія не выклікаюць аніякіх супярэчнасцяў у розных палітычных груп – яны наадварот задзіночваюць беларускую нацыю», – заявіў Гігін.
Спробы скласці рэйтынг найвыбітнейшых беларусаў – з’ява не новая. Гэтак, яшчэ пазалетась Цэнтр новых ідэяў і «Народнае апытанне» апублікавалі спіс, складзены па выніках інтэрнэт-апытання ажно 4-ох тысячаў чалавек.

Топ-10 выбітных беларусаў і беларусак усіх часоў выглядаў так:
1) Кастусь Каліноўскі
2) Францыск Скарына
3) Вітаўт
4) Леў Сапега (і цалкам род Сапегаў)
5) Тадэвуш Касцюшка
6) род Радзівілаў цалкам
7) Янка Купала
8) Пётр Машэраў
9) Станіслаў Шушкевіч
10 Еўфрасіння Полацкая
Стварэнне пантэону нацыянальных герояў ёсць і ў Стратэгіі нацыянальнага адраджэння і развіцця, распрацаванай прадстаўніцтвам Аб’яднанага пераходнага кабінету.
,,«Гэта важна, бо трэба разумець, на чым выхоўваць будучыя пакаленні, каго ставіць у прыклад, кім ганарыцца. Гэта нармальная задача, у прынцыпе, для любой нацыі», – тлумачыць выканальнік абавязкаў прадстаўніка ў нацыянальным адраджэнні АПК Павел Баркоўскі.
Вось толькі героі ў розных рэйтынгах атрымліваюцца таксама розныя. У версіі Гігіна гэта найперш дзеячы культуры і ранняга перыяду беларускай гісторыі, а таксама носьбіты прарасейскіх ідэяў, савецкія партызаны. У апанентаў рэжыму Лукашэнкі рэй вядуць выразна незалежніцкія і празаходнія асобы на чале з Кастусём Каліноўскім, значэнне якога ў Беларусі апошнія гады ўсяляк прыніжаецца на дзяржаўным узроўні.
,,Гэтая ўлада, якую прадстаўляе Гігін, і ён персанальна, якія шмат любяць пагаварыць пра нацыянальнае адзінства – яны прыклалі вялізныя намаганні, асабліва ў апошнія гады каб з тае асобы, якая, у прынцыпе, аб’ядноўвала, з’яўлялася для ўсіх прымальнай, для часткі грамадства зрабіць з яе жупела. Таму я тут бачу ў гэтым плане крывадушнасць у значнай ступені», – канстатуе cябра Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч.
Таму і чакаць анансаванага Гігіным адзінага нацыянальнага пантэону не варта, адзначае гісторык. Зрэшты, нават калі ў выніку спіс будзе складацца і з зусім не беларускіх герояў, нагода для аптымізму ў беларусаў усё адно застаецца, дадае Пашкевіч.
«Не могуць прайсці міма тыя ж самыя трыццаць гадоў незалежнай дзяржаўнасці, якая – дай Бог! – у нейкім выглядзе застанецца і надалей. Ёсць усведамленне сваёй адметнасці, таго, што ўсё-ткі мы не расейцы – у большай часткі насельніцтва», – дзеліцца аптымізмам гісторык.
Валера Руселік belsat.eu