Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю праверыла выкананне заканадаўства аб коштах і коштаўтварэнні. За першы квартал правераныя 74 суб'екты гаспадаркі, у выніку накладзена штрафаў агулам больш як на 200 тысяч рублёў.
З іх 82 тысячы штрафаў атрымала адно прадпрыемства – УП «Н-ТыВі» за павышэнне адпускных цэнаў на тэлевізары.
Падчас выбарачнага правярання было выяўлена, што ЗАТ «Інтэрнэт-крама "Еўраопт"» перавышала гуртова-адпускныя цэны на некаторыя тавары. Агульная сума штрафу складае больш за 49 тысяч рублёў. «Е-Дастаўка» абскардзіла гэтую пастанову, але Вярхоўны Суд пакінуў яе ў сіле.
Віцебскую краму «Грошык» аштрафавалі на 6 тысяч рублёў за перавышэнне максімальных цэнаў на яблыкі (так прадалі 1,8 тоны яблыкаў).
Атрымаў і Аршанскі льнокамбінат за тое, што цягам цэлага года рэалізоўваў тэкстыль «з парушэннем вызначанага парадку рэгістрацыі цэнаў на агульную суму каля 470 тысяч рублёў». Праўда, прызначаны МАРГам штраф за гэта – тысяча рублёў.
Тураўскі малочны камбінат перавысіў максімальныя даплаты. Агульны штраф – 8,1 тысячы рублёў і яшчэ 3 базавыя велічыні службовай асобе.
І гэта толькі некаторыя прыклады, аштрафаваных значна больш.
«Белсат» ужо расказваў дзіўную гісторыю пра тое, як уладальнікаў сеткі крамаў «Еўраопт» ледзь не затрымалі 18 гадоў таму, але ў выніку сетка разраслася да найбуйнейшай у Беларусі і атрымала прэферэнцыі ад уладаў.
Тэса Анэйда belsat.eu