Ноччу з 23 на 24 красавіка расейскія войскі нанеслі масаваны ўдар па дзевяці рэгіёнах Украіны. Асноўнымі мэтамі атак сталіся Кіеў і вобласць, Жытоміршчына, Днепрапятроўшчына, Харкаўшчына, Палтаўшчына, Хмельніччына, Сумшчына і Запарожжа.
Расея ўжыла для бамбардавання іранскія дроны-камікадзэ «Shahed», ракеты «Калібр», балістычную зброю, выкарыстала стратэгічную авіяцыю з самалётамі Ту-95МС.
Асабліва моцна пацярпеў Кіеў. Пажарныя і ратавальнікі працуюць на 13 лакацыях, паведамляе Міністэрства ўнутраных справаў Украіны. У Святошынскім раёне быў зруйнаваны шматпавярховы жылы дом. Цяпер там разбіраюць завалы. З-пад руінаў будынку чуваць званкі мабільных тэлефонаў. Паводле папярэдняй інфармацыі, не могуць знайсці двух дзяцей. Да ратавальных работ прыцягнутыя інжынеры, верхалазныя брыгады і пошукавыя сабакі.
Станам на 7:30 раніцы ў Кіеве пацверджаная гібель дзевяці чалавек, больш за 70 атрымалі раненні (паводле апошніх паведамленняў, колькасць ахвяраў вырасла да 10, а колькасць пацярпелых да 100). На ўсіх лакацыях, дзе пацярпелі людзі, працуюць псіхолагі, каб аказаць першае падтрыманне і выявіць псіхалагічную траўму.
Пры ліквідацыі наступстваў атак ратавальнікі працавалі пад пагрозаю паўторных удараў. Так, у Жытомірскай вобласці па падраздзяленні ратавальнікаў быў нанесены другі ўдар, калі яно тушыла пажар – адзін з ратавальнікаў быў паранены.
,,«Атакі на мірных жыхароў, па экстраных службах падчас ратавання людзей – гэта стыль Расеі. Мы перажывалі такое неаднаразова. Менавіта таму Украіна настойвае на поўным і неадкладным спыненні агню, бо гэта перш за ўсё спыненне забойстваў нашых людзей», – заявілі ў МУС Украіны.
Таксама пад абстрэлам апынулася ўкраінская чыгуначная інфраструктура – у Кіеве і Харкаве. Паводле «Укрзалізниці», сярод работнікаў ведамства ёсць параненыя.
Нагадаем, што 19 красавіка Уладзімір Пуцін абвясціў пра велікоднае спыненне агню, што дзеяла да поўначы 21 красавіка. Прэзідэнт Украіны са свайго боку прапанаваў прыпыніць агонь яшчэ на 30 дзён. Аднак расейскі кіраўнік не пайшоў на такі крок: бамбаванне Украіны працягваецца.
Раман Шавель belsat.eu