Беларусь, прасякнутая карупцыяй. Вось на кадрах – затрыманне былога кіраўніка аднаго з прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці Віцебшчыны, а вось відэа з гендырэктарам аднаго з мясаперапрацоўчых камбінатаў Пінску. Рэгіёны – розныя, але сутнасць справаў падобная.
«Прыняў у якасці хабару каля 14 тысяч рублёў у эквіваленце. Гэтую суму яму перадалі прадстаўнікі берасцейскай фірмы, што рэалізуе харчовыя дабаўкі», – каментуюць затрыманне сілавікі.
Паводле падобных схемаў бізнесоўцы працавалі з мясаперапрацоўчымі прадпрыемствамі ў той жа Берасцейскай, а таксама Гарадзенскай і Менскай вобласцях.
,,«Галоўная праблема карупцыі ў Беларусі – тое, што яе ачольвае Лукашэнка. Тое, пра што кажа беларуская прапаганда, тое, пра што кажа рэжым, калі ўскрывае нейкія карупцыйныя схемы, затрымлівае людзей. Як правіла, гэта такая нізавая карупцыя», – кажа прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.
Барацьбу з хабарніцтвам актыўна дэманструюць кіраўнікі сілавых і кантрольных ведамстваў. Гэтак, на супольным паседжанні Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі старшыня Камітэту дзяржкантролю Васіль Герасімаў распавёў, што летась ведамства зафіксавала амаль 90 карупцыйных злачынстваў у эканамічнай сферы. А некалькімі тыднямі раней генпракурор Андрэй Швед рапартаваў пра больш як 900 асобаў, прыцягнутых летась да крымінальнае адказнасці за карупцыю:
«Недатыкальных у краіне няма, незалежна ад пасадаў і папярэдніх заслугаў вінаватыя прыцягваюцца і будуць прыцягнутыя да вызначанай законам адказнасці», – зазначыў тады генпракурор.
Здаралася, што нячыстых на руку выяўлялі сярод найвышэйшага эшалону ўлады. Напрыклад, пасады міністра пазбавілі колішняга кіраўніка лясной галіны Віталя Дрожжу за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры.
«Рашэнне за Лукашэнкам. Калі, напрыклад, ён … лічыць, што трэба кагосьці выхаваць. Даць па шапцы, як кажуць», – мяркуе намеснік кіраўніка НАУ, былы працаўнік Берасцейскага аблвыканкаму Арцём Брухан.

У СІЗА КДБ паводле сумнавядомай «малочнай справы» апынуўся міністр сельскай гаспадаркі Ігар Брыло. Паводле следства, тады асобныя бізнесоўцы закуплялі малочную прадукцыю на прадпрыемстве «Бабушкина крынка» з заніжанаю цаною, а пасля праз пасярэднікаў прадавалі яе ў Расею за большыя цэны.
Гучным было і затрыманне колішняга першага намесніка начальніка Беларускай чыгункі Пятра Дулуба. Яго вінавацілі ў атрыманні хабару за лабіяванне інтарэсаў камерцыйных фірмаў у галіне транспартавання грузаў.
Пра карупцыю ж, якую не пакажуць дзяржаўныя тэлеканалы, у сваім расследаванні распавялі прадстаўнікі «Белполу». Гаворка пра рэзідэнцыю Лукашэнкі «Красносельское».
І гэта далёка не адзіны такі прыклад. Як высветліў «Белпол», іншую рэзідэнцыю, «Восток», Лукашэнку фактычна падарылі сербскія бізнесоўцы, браты Карычы. За гэта яны атрымалі магчымасць забудоўваць Менск.
Алесь Яшчанка belsat.eu