навіны

Чаму Захад не разумее Беларусь? Пра яе расказваюць каланіяльнымі наратывамі

Доктар Антон Сайфуллаеў зачытвае рэферат «Problem (nie)wiedzy o Białorusi na Zachodzie» на канферэнцыі «Польска-беларускія моўныя, літаратурныя, культурныя і гістарычныя сувязі» ў Варшаўскім універсітэце
Доктар Антон Сайфуллаеў зачытвае рэферат «Problem (nie)wiedzy o Białorusi na Zachodzie» на канферэнцыі «Польска-беларускія моўныя, літаратурныя, культурныя і гістарычныя сувязі» ў Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 7 красавіка 2025 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту правяла 7 красавіка канферэнцыю, падчас якой уздымаліся тэмы польска-беларускіх моўных, літаратурных, культурных і гістарычных сувязяў. Але выступоўцы пайшлі яшчэ глыбей. 

Прафесар Аляксандр Мілінкевіч з Вольнага беларускага ўніверсітэту на адкрыцці канферэнцыі адзначыў, што Беларусь знаходзіцца пад уплывам дзвюх дыктатур, якія маюць на мэце знікненне беларускасці. Калі адкрыецца вакно магчымасці і калі Беларусь зможа адстаяць сваю незалежнасць, вырашальным будзе, наколькі беларусы маюць самасвядомасць і ідэнтычнасць.

Мілінкевіч лічыць, што вяртанне беларускіх культуры, мовы і ідэнтычнасці «не безнадзейнае»: беларусы змагаліся за тое, каб стаць сапраўды беларусамі, і пасля Першай сусветнай вайны, і пасля распаду СССР. На ўласныя вочы Мілінкевіч бачыў, як у Гарадзенскім універсітэце размаўлялі па-беларуску – гэтая перабудова ў 1990-я ішла «знізу». Казаў, у беларусаў ніколі не знікне «жаданне быць самімі сабою» і «жаданне, каб крылы выраслі». Пакуль жа ён падзякаваў Польшчы, якая ў гэтых умовах дапамагае беларусам, як ніхто іншы.


Тэмы былі ад вузкіх, як то праблемы распрацоўкі паўзроўневага комплексу навучання беларускай мове як замежнай ці асаблівасці правапісу першых беларускіх газет «Наша доля» і «Наша ніва», да даволі шырокіх. «Белсат» пераказвае тры адметныя выступы, якія будуць цікавыя не толькі спецыялістам.

Палітык Аляксандр Мілінкевіч на канферэнцыі «Польска-беларускія моўныя, літаратурныя, культурныя і гістарычныя сувязі» ў Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 7 красавіка 2025 года. Фота: Белсат
Палітык Аляксандр Мілінкевіч на канферэнцыі «Польска-беларускія моўныя, літаратурныя, культурныя і гістарычныя сувязі» ў Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 7 красавіка 2025 года. Фота: Белсат

Свет глядзеў на Беларусь расейскімі вачыма


Доктар Антон Сайфулаеў з Варшаўскага ўніверсітэту прэзентаваў на канферэнцыі даклад «Праблема (ня-)ведання аб Беларусі на Захадзе». Ён адзначыў, што кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту – ці не адзіная ў свеце кафедра з настолькі беларускім акадэмічным афіляваннем. Беларусь проста мала вывучаюць.

Праблема заўсёды была відавочная, расказваў ён. Пасля 2022 года і пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне пачаліся акадэмічная, палітычная і публіцыстычная дыскусіі пра Беларусь. Выявілася, што ўсё веданне на Захадзе пра Усход «русацэнтрычнае»: не прапануе нічога большага, чым погляд на рэгіён з расейскай перспектывы. І калі кантэкст Украіны пасля 2022 года стаў бачны, то Беларусь дагэтуль знаходзіцца ў ценю Расеі.

Веданне пра Беларусь выводзіцца з каланіяльных ведаў, даводзіць Сайфулаеў. Ён лічыць, што праблема ў наступным:


  • Фундамент ведаў пра Беларусь на Захадзе – каланіяльны (расейскі і савецкі) корпус тэкстаў.
  • Галоўныя рэалізатары каланіяльнага трансферу пасля Другой сусветнай вайны – расейскія эмігранты.
  • Веды пра Беларусь пасля Другой сусветнай фрагментарныя і кантэкстуальныя.
  • Збор ведаў пра Беларусь непараўнальна павольнейшы за збор ведаў пра Расею, Украіну ці краіны Балтыі.
  • Слабейшая пазіцыя беларускай дыяспары ў параўнанні з расейскай.

Глыбока вывучаць Беларусь і беларусаў пачалі ў Расейскай імперыі. Навука пра Беларусь выходзіць з «Истории Малороссии» або «Атласа народонаселения Западно-Русского края». Беларусь заявіла пра сябе як самастойную з’яву ў 1918 годзе, але неўзабаве стала савецкай. І на дадатак да наратываў «заходнерусізму» пра Беларусь сталі казаць савецкімі наратывамі. У той час на Захадзе ведаў на тэму беларусаў і мноства іншых народаў практычна не было.

Даследчык прыводзіць прыклад таго, як і ад каго Захад чытаў пра Беларусь. Расейскі навуковец і «белы» эмігрант Мікалай Вакар быў адным з ініцыятараў даследаванняў пра Беларусь. У 1939 годзе ён дапісаў кнігу «Белоруссы», хоць у той час яшчэ з цяжкасцю чытаў па-беларуску і ў сваіх нататках называў «глупаватым» беларускае «занадта фанетычна дакладнае пісьмо». Калі Вакар уцёк ад вайны з Францыі ў ЗША, ён аддаў гэтую кнігу Дзяржаўнаму дэпартаменту ЗША за 400 долараў (вялікія па тых часах грошы). Вакар расказваў заходняму чытачу, што «White Russia» – гэта асобны край, хоць для яго самога Беларусь «была адкрыццём». Аказваецца, «белыя» ў кантэксце грамадзянскай вайны ў Расеі і гэтыя «белыя» – розныя. 


У 1956 годзе Вакар выдаў істотную кнігу «Belorussia. The Making of a Nation» у выдавецтве Гарвардскага ўніверсітэту. Сайфулаеў называе кнігу кепскай, але ці не адзінай, якая расказвала Захаду пра Беларусь, хай і на падставе каланіяльных і савецкіх тэкстаў, «заходнерускіх» падыходаў. На доўгія гады кніга ўсталявала два пастулаты: пра незавершанасць фармавання нацыі і пра Беларусь як дзяржаву, заціснутую паміж Захадам і Усходам.


Сайфулаеў назваў важнымі для Захаду таксама кнігі «The Permanent Purge» паляка Збігнева Бжэзінскага, дзе апісвалася сярод іншага беларуская партыйная эліта ў СССР, і «Belorussia Under Soviet Rule 1917–1957)» беларуса Івана Любачкі. Тое, што беларус пісаў пра беларусаў заходняму чытачу, было рэдкай справай. Сайфулаеў падкрэслівае, што беларуская эміграцыя была ў маргінальным стане ў кантэксце ведаў Захаду пра Беларусь, не выйшла ў «акадэмічны мэйнстрым». Выключэнні – Янка Садоўскі, які працаваў у Канадзе, і Янка Запруднік, які працаваў у Нью-Ёрку. Даследаванні Беларусі ішлі таксама ў Злучаным Каралеўстве, дзе больш развіліся «натыўная» веды пра Беларусь, створаныя з удзелам беларусаў, а сувязь між эмігрантамі і акадэмікамі была больш блізкай.

Доктар Антон Сайфуллаеў зачытвае рэферат «Problem (nie)wiedzy o Białorusi na Zachodzie» на канферэнцыі «Польска-беларускія моўныя, літаратурныя, культурныя і гістарычныя сувязі» ў Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 7 красавіка 2025 года. Фота: Белсат
Доктар Антон Сайфуллаеў зачытвае рэферат «Problem (nie)wiedzy o Białorusi na Zachodzie» на канферэнцыі «Польска-беларускія моўныя, літаратурныя, культурныя і гістарычныя сувязі» ў Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 7 красавіка 2025 года. Фота: Белсат

Даследчык прывёў статыстыку. Між 1945 і 1991 гадамі ў галоўных часопісах пра Усходнюю Еўропу ён знайшоў усяго 5 артыкулаў, якія маюць фокус на Беларусі, а не на СССР агулам, якім у той час больш цікавіліся. Пасля стала лепш, але нязначна. У часопісах «Slavic Review» і «Post-Soviet Affairs» да 2020 года дамінавалі артыкулы, у якіх былі хіба фрагментарныя згадкі Беларусі, толькі пару дзясяткаў артыкулаў пра Беларусь у рэгіянальным кантэксце і адзінкавыя артыкулы пра Беларусь як такую.



Сітуацыя з ведамі пра Беларусь палепшылася ў XXI стагоддзі, калі з’явіліся «натыўныя» даследчыкі – беларусы, якія пішуць Захаду пра Беларусь, канстатуе Сайфулаеў. Але і пасля 2020 года ў згаданых часопісах налічылася толькі пару дзясяткаў публікацыяў пра Беларусь.

Беларусы мусяць расказаць пра сябе замежнікам


Уладзімір Лобач з Інстытуту беларускай мовы ў Познані прэзентаваў на канферэнцыі канцэпцыю новага курсу «Беларусазнаўства». Курс пакуль знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі, тры аўтары ствараюць само бачанне праграмы, пазней пачнуць шукаць выхады на інстытуцыі і супольнасці, каб праграму ажыццявіць.


Ідэя курсу, як расказаў Лобач, з’явілася, калі бразільскі даследчык спытаў яго, што пачытаць пра Беларусь, каб адразу даведацца ўсё неабходнае пра народ, краіну і культуру. Лобач не знайшоў такога тэксту. Адзначыў, што ў адукацыйнай і публічнай сферах адсутнічае адзіны комплекс інтэгральных ведаў пра краіну Беларусь – ёсць сума ведаў беларусаў пра сябе і краіну, але гэтыя веды не прэзентаваныя свету, ды і самі беларусы ведаюць пра сябе недастаткова. 


Ідэя курсу – не ў асобным курсе ці асобнай кнізе, а ў прачытанні Беларусі як адметнай і непаўторнай «кнігі» ў еўрапейскай і сусветнай бібліятэцы. Краіну хочуць разглядаць як «павуцінку сэнсаў», дзе ўсё ўзаемазвязана – ад рэльефу да рэлігіі. 


Лобач прывёў такі прыклад: ёсць лінгвістычная розніца між беларускім словам «грошы» і расейскім «деньги», а ёсць справа ўключанасці беларускіх земляў у еўрапейскую фінансава-грашовую сістэму, аб якой сведчыць ужыванне слова, якое паходзіць ад лацінскага «grossus», а не ад цюркскага «теңге». 

Удзельнікі канферэнцыі «Польска-беларускія моўныя, літаратурныя, культурныя і гістарычныя сувязі» ў Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 7 красавіка 2025 года. Фота: Белсат
Удзельнікі канферэнцыі «Польска-беларускія моўныя, літаратурныя, культурныя і гістарычныя сувязі» ў Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 7 красавіка 2025 года. Фота: Белсат

Беларусам стала цікавая іхная беларускасць


Паліна Маслянкова расказала на канферэнцыі пра сваё даследаванне матывацыі вывучэння беларускай мовы ў Беларусі і за мяжой дарослымі па-за ўстановамі адукацыі: ці паўплывалі пратэсты і вайна на запатрабаванасць вывучэння беларускай мовы? Даследчыца стварыла онлайн-апытанне з закрытымі і адкрытымі пытаннямі, у апытанні ўзяло больш за 400 чалавек. Больш за палову апытаных былі ў Беларусі, чвэрць у Польшчы. 


Больш за траціну апытаных зацікавіліся вывучэннем беларускай мовы 3–5 гадоў таму. На пытанне пра тое, якія падзеі ці людзі паўплывалі на гэта, самы папулярны адказ быў «2020 год», затым «вайна», пасля – група адказаў, якія даследчыца апісала як «прабуджэнне ідэнтычнасці». 


Многія пачалі размаўляць па-беларуску, калі з’явіліся тыя, з кім можна было размаўляць, але былі два дзясяткі тых, для каго менавіта эміграцыя з Беларусі стала прычынай вучыць родную мову. Кагосьці прывёў да беларускай мовы Youtube ці TikTok, кагосьці музыка ці літаратура. І камусьці стала цікава, што замежнікі маюць сваю мову – «а што мы?» 

А навошта вучыць беларускую мову? Больш за палову адказалі, каб «захаваць ідэнтычнасць», шмат хто – «каб перадаць мову дзецям», яшчэ мноства адказаў было пра эстэтычныя, псіхалагічныя і тэрапеўтычныя прычыны, нават пра патрэбу аднаўлення справядлівасці.


Найбольш папулярны спосаб паляпшаць веды беларускай мовы – спажываць беларускі кантэнт у інтэрнэце. Найбольш часты адказ пра тое, чаго бракуе, – гэта адсутнасць беларускамоўнага асяроддзя, але многім бракуе якаснага кантэнту, сучаснага падручніка ці проста часу. І шмат хто адказваў, што ўсяго хапае – трэба толькі захацець.


Па выніках апытання даследчыца лічыць відавочным, што для бальшыні беларусаў беларуская мова – гэта не інструмент камунікацыі, а паказнік тоеснасці.


***


Адна з секцыяў канферэнцыі была цалкам прысвечаная творчасці беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча, які прыехаў з Ляйпцыгу з чарговай узнагародай. Што ён казаў і што казалі пра ягоныя кнігі – у асобным матэрыяле «Белсату».


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10