У Беларусі хочуць забараніць выкарыстанне ўсесезонных шынаў у зімовы перыяд. Такую прапанову кіраўнік галоўнага ўпраўлення ДАІ Віктар Ротчанкаў выказваў яшчэ на пачатку сакавіка гэтага года. На брыфінгу 7 красавіка чыноўнік расказаў, як рухаецца справа.
Паводле кіраўніка галоўнага ўпраўлення ДАІ, плануецца ўнесці змяненні ў Правілы дарожнага руху, а менавіта – у пералік няспраўнасцяў, з якімі забароненая эксплуатацыя транспартавага сродку. У спіс можа быць дададзенае выкарыстанне ўсесезонных шынаў у зімовы перыяд.
,,«Рэч у тым, што шэраг зімовых ДТЗ паказаў, што транспартавы сродак лёгка заносіць на слізкай дарозе, асабліва калі на пярэдняй восі кіроўца выкарыстоўвае зімовыя шыны, а на задняй – усесезонныя», – патлумачыў Віктар Ротчанкаў.
Паводле словаў кіраўніка ДАІ, такая канфігурацыя – зімовыя шыны на пярэдніх колах, а ўсесезонныя – на задніх, была ў маршруткі, што мінулай зімой з’ехала ў кювет пад Менскам, у выніку чаго пацярпелі пасажыры.
«Можна прывесці мноства падобных прыкладаў, калі ва ўмовах лёгкай зімовай слізкасці занос адбыўся праз розны каэфіцыент счаплення рознага тыпу шынаў на пярэдняй і задняй восях», – кажа Ротчанкаў.
Чыноўнік падкрэсліў, што ўжо цяпер нельга прайсці тэхагляд з усесезоннымі шынамі, акрамя таго, забарона на іх выкарыстанне зімой прапісаная ў тэхрэгламенце Мытнага саюзу, а неўзабаве будзе замацаваная ў ПДР.
Дазволена будзе выкарыстанне шынаў «All seasons» («Усе сезоны») з маркероўкаю зімовымі знакамі. Паводле Ротчанкава, такімі знакамі будуць маркеравацца ўсесезонныя шыны «Белшыны», што былі апрабаваныя ў зімовых умовах. Тыя, што не вытрымаюць тэставання, будуць забароненыя.
Канчатковая пастанова аб забароне, аднак, яшчэ не прынятая.
«Гэтае новаўвядзенне пакуль у праекце. Пастанова яшчэ не прынятая, яна на цяперашні момант абмяркоўваецца і праходзіць узгадненне», – рэзюмаваў Ротчанкаў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu