навіны

Улады Беларусі працягваюць кантраляваць цэны на амаль палову тавараў спажывецкага кошыка

Жанчына расплочваецца за набытыя прадукты. Менск, Беларусь. Верасень 2021 года. Фота: Белсат
Жанчына расплочваецца за набытыя прадукты. Менск, Беларусь. Верасень 2021 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

У Беларусі, нягледзячы на нядаўняе скарачэнне спісу тавараў з рэгуляванымі цэнамі, дзяржава па-ранейшаму кантралюе кошты на 45 % пазіцыяў спажывецкага кошыка. Пра гэта паведаміў першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) Іван Вежнавец.

Паводле чыноўніка, хоць колькасць тавараў у новым спісе скарацілася з 331 да 211 пазіцыяў, рэальнае змяншэнне закранула толькі каля 10 % ад агульнага аб'ёму спажывецкага кошыка. З рэгуляванага пераліку выключылі найперш тавары, якія, паводле ўладаў, не маюць штодзённага попыту: напрыклад піражкі, чабурэкі і некаторыя аздобы. Сацыяльна значныя тавары працягнуць рэгулявацца.


Таксама з 1 траўня з-пад кантролю выведуць агародніну, што Іван Вежнавец патлумачыў неабходнасцю забяспечыць рынак свежаю прадукцыяй, кошты на якую звычайна вышэйшыя.


Нагадаем: Аляксандр Лукашэнка паўтараў як заклінанне, што цэны ў краіне мусяць быць справядлівымі, хаця незалежныя эканамісты пярэчылі, маўляў, «справядлівага цэнаўтварэння» не існуе.


Дзяржаўнае рэгуляванне цэнаў увялі ў Беларусі ў 2022 годзе з мэтаю стрымлівання інфляцыі. Гэта прывяло да значнага пагаршэння сітуацыі ў гандлі. Шмат якія прадпрыемствы зазналі страты. І цяпер, каб не памерці, вытворцы змогуць павышаць цэны без узгадненняў і дазволаў, калі цяперашняя рэнтабельнасць ніжэйшая за тую, што склалася ў 2021–2024 гадах.


Эксперты прагназуюць, што скарачэнне пераліку тавараў з дзяржаўным рэгуляваннем цэнаў можа паскорыць тэмпы інфляцыі, якая ў 2024 годзе складала 5,2 %.


Надзея Вольная / belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10