навіны

Як беларускую актывістку не пусцілі ва Украіну і чаму яна не пакрыўдзілася

Львоўскі чыгуначны вакзал. Фота: Львоўская абласная вайсковая адміністрацыя / loda.gov.ua
Львоўскі чыгуначны вакзал. Фота: Львоўская абласная вайсковая адміністрацыя / loda.gov.ua
podpis źródła zdjęcia

Беларуска з чэшскім дазволам на сталае жыхарства спрабавала трапіць ва Украіну на імпрэзу ў Львове, але памежнікі яе не прапусцілі. Прычынаю сталася адсутнасць візы, хаця раней украінская амбасада запэўніла дзяўчыну, што дадатковыя дакументы не патрэбныя.

Паводле «Нашай Нівы», дзяўчына месяц планавала паездку ў Львоў, дзе яе запрасілі рэпрэзентаваць беларускую моладзь на гарадской імпрэзе. На мяжы Польшчы і Украіны актывістку памылкова прапусціла правадніца цягніка, зблытаўшы чэшскі падарожны дакумент з сапраўдным пашпартам.


Праблемы пачаліся ўжо ў дарозе падчас кантролю ўкраінскіх памежнікаў. Яны патлумачылі, што для ўезду ва Украіну неабходная альбо віза, альбо менавіта ўкраінскі дазвол на жыхарства. Паколькі ў дакуменце дзяўчыны было пазначана «ўцякачка» замест грамадзянства, памежнікі не мелі магчымасці прапусціць яе.


На Львоўскім вакзале беларуску змясцілі ў закрытае памяшканне, дзе яна правяла шэсць гадзінаў у чаканні цягніка назад у Польшчу. Увесь гэты час дзяўчына размаўляла з памежнікамі пра сітуацыю ва Украіне і Беларусі.


«Мы настолькі душэўна паразмаўлялі, што ў мяне засталося станоўчае ўражанне, нягледзячы на непаразуменне. Я б нават паўтарыла такую паездку без візы, бо мы сапраўды класна правялі час», – расказала актывістка.

Сцягі Беларусі і Украіны. Варшава, Польшча. 6 сакавіка 2022 года. Фота: ТК / Белсат
Сцягі Беларусі і Украіны. Варшава, Польшча. 6 сакавіка 2022 года. Фота: ТК / Белсат

Пакуль беларуска чакала адпраўлення, у пакоі бесперапынна працаваў тэлевізар: паказвалі навіны пра вайну. Некалькі разоў абвяшчалася паветраная трывога, аднак на яе, са словаў актывісткі, ніхто не рэагаваў.


«Калі ацэньваць сітуацыю, то можна сказаць, што я прыехала ва Украіну, каб шэсць гадзінаў паглядзець тэлевізар у закрытым пакоі і паехаць назад», – іранічна падсумавала беларуска.


Нагадаем: прадстаўніца ў сацыяльнай палітыцы АПК Вольга Зазулінская і прадстаўнік у пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі АПК Вадзім Кабанчук скіравалі лісты прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму, у Міністэрства замежных справаў Украіны і ўпаўнаважанаму Вярхоўнай Рады Украіны ў правах чалавека. Яны падкрэслілі, што пасля пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны шмат грамадзянаў Беларусі адкрыта падтрымалі ўкраінскі бок – бралі ўдзел у пратэстах, інфармацыйных і валанцёрскіх ініцыятывах, а таксама далучаліся да добраахвотніцкіх падраздзяленняў.


Прадстаўнікі Кабінету прапанавалі Украіне ініцыяваць кансультацыі з міжнароднымі партнёрамі адносна залучэння беларускіх палітычных вязняў у абменныя спісы і прыцягнуць міжнародныя арганізацыі (ААН, АБСЕ, Чырвоны Крыж) да перамоўнага працэсу. Таксама прапануецца публічна падтрымаць гэтыя асобы і запатрабаваць іхнага вызвалення, разглядаць беларускіх палітвязняў як ахвяраў палітычных рэпрэсіяў за праўкраінскую пазіцыю.


Надзея Вольная / belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10