У шэрагу буйных амерыканскіх гарадоў прайшлі масавыя антыўрадавыя акцыі супраць палітыкі Доналда Трампа.
Гэта самая маштабная хваля пратэстаў у ЗША з часу ягонага вяртання да ўлады, паведамляе ВВС. Пад лозунгам Hands Off («Рукі прэч!») мітынгі прайшлі ў 1200 населеных пунктах ва ўсіх 50 штатах. Найбольш шматлюдныя акцыі адбыліся ў Бостане, Нью-Ёрку, Чыкага, Лос-Анджэлесе і Вашынгтоне.

Хоць у мегаполісах большасць насельніцтва супраць Трампа, паведамляе выданне, апошнім часам пратэстаў было няшмат. Аналітыкі тлумачаць гэта стомленасцю і страхам перад магчымым жорсткім адказам з боку ўладаў. Яшчэ ў 2020 годзе, падчас пратэстаў за расавае раўнапраўе, прыхільнікі Трампа заклікалі яго ўвесці войскі ў гарады, і цяпер шмат хто баіцца паўтарэння сітуацыі. Такая верагоднасць нібыта існуе згодна з Актам пра паўстанні, які быў выдадзены яшчэ ў 1807 годзе.

Падчас мітынгаў дэмакратычныя палітыкі крытыкавалі ўплыў буйных донараў на адміністрацыю Трампа, у прыватнасці – Ілана Маска.
Сам Трамп у гэты час гуляў у гольф, пасля чаго перамясціўся ў сваю рэзідэнцыю ў Мар-а-Лага і, як паведамляюць, не збіраецца змяняць раскладу ў выходныя.
На знак падтрымання пратэсту акцыі прайшлі і па-за межамі ЗША – у Лондане, Парыжы і Берліне.
Раман Шавель belsat.eu