Парламент Беларусі ў першым чытанні зацвердзіў законапраект, што прадугледжвае істотныя змены ў галіне дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і пенсійнага забеспячэння. Законапраект унесены Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і падтрыманы камісіяй працы і сацыяльных пытанняў Палаты прадстаўнікоў.
Чыноўнікі заяўляюць, што змены «спросцяць жыццё» грамадзянам і прадпрымальнікам, але за шыльдай упарадкавання хаваюцца новыя механізмы кантролю, а таксама рызыкі для працаўнікоў, асабліва тых, хто працуе без афіцыйных кантрактаў.
Новыя катэгорыі і правілы
Адная з галоўных навінаў – магчымасць для людзей, што працуюць з падаткам на прафесійны даход, добраахвотна плаціць унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН). Гэтыя ўнёскі будуць улічвацца пры разліку працоўнай пенсіі. Як адзначыла дэпутатка Святлана Сянько, гэта дазволіць ім «сфармаваць пенсійныя гарантыі ў поўным аб’ёме».Таксама прапануецца ўдакладніць спіс асобаў, якія могуць добраахвотна плаціць у ФСАН: у прыватнасці, гэта людзі, што займаюцца падсобнай гаспадаркай, зборам і продажам дзікарослай прадукцыі, трацейскія суддзі ды медыятары.Удары па «канвертах»
Змены закрануць і тых, хто атрымлівае заробак «у канвертах». У выпадку выяўлення неафіцыйнай выплаты працадаўца абавязаны будзе зрабіць дадатковыя ўнёскі з усяго фактычнага заробку, не ніжэйшыя за пэўную мінімальную суму.
«Калі не робяцца адлічэнні ў ФСАН, грамадзянін не фармуе страхавога стажу. Гэта адбіваецца на будучай пенсіі», – заявіла Сянько.Іншымі словамі, дзяржава пачала жорстка кантраляваць не толькі працадаўцаў, але і саміх працаўнікоў – нават у тых выпадках, калі апошнія проста прымаюць грошы за працу, не аформленую афіцыйна.Што выключылі пасля «дапаўненняў»
Пасля разгляду першай версіі законапраекту адмовіліся ад шэрагу спрэчных ініцыятываў. Напрыклад, не будуць узмацняць патрабаванняў да цывільна-прававых дагавораў (для тых, хто працуе больш за 90 дзён у аднаго працадаўцы). Таксама не будуць уведзеныя дыферэнцыяваныя ўнёскі ў ФСАН для індывідуальных прадпрымальнікаў у залежнасці ад іхных даходаў.

Пратэрмінавалі, памыліліся – аддай пенсію
Аднак у законе засталася норма, што дазваляе ўладам утрымліваць з пенсіяў залішне выплачаныя сумы, калі тыя ўзніклі праз «лічбавыя памылкі». Пры гэтым максімальны памер такога ўтрымання можа складаць 5 % пенсіі – але толькі калі пенсіянер сам пагодзіцца.
Таксама прадугледжваецца скасаванне абавязку прадпрымальнікам падаваць дакументы для персаніфікаванага ўліку – гэта, паводле чыноўнікаў, «спросціць адміністраванне».
Што далей?
Цяпер законапраект мусіць прайсці другое чытанне. Потым – Савет Рэспублікі і, нарэшце, подпіс Лукашэнкі. Калі дакумент прымуць у цяперашнім выглядзе, ужо ў найбліжэйшай будучыні беларусы сутыкнуцца з новай рэальнасцю – дзе кожны рубель, атрыманы без касы, можа абярнуцца праблемай з пенсіяй.
Нагадаем, паводле крыніцаў «Белсату», беларускія чыноўнікі абмяркоўваюць магчымасць павышэння пенсійнага ўзросту на два гады. Пастанова пакуль не прынятая, але праект дакументу ўжо гатовы. Нашыя крыніцы сцвярджаюць, што паступовае павышэнне пачнецца ўжо з 2026 года. І калі падчас папярэдняга павышэння пенсійнага веку штогод дадавалася па паўгода, то цяпер яго збіраюцца павышаць адразу на год: плюс адзін у 2026-м і яшчэ плюс адзін у 2027-м. Такім чынам, праз два гады жанчыны, як плануецца, будуць выходзіць на пенсію ў 60 гадоў, а мужчыны – у 65.
Надзея Вольная / belsat.eu