навіны

Індэкс рэзіліентнасці Беларусі застаўся мінусавым. Што з таго рэжыму Лукашэнкі?

Дыяграма «Індэксу рэзіліентнасці» за 2024 год
Дыяграма «Індэксу рэзіліентнасці» за 2024 год. Выява: Newideas.center
podpis źródła zdjęcia

Устойлівасць і гнуткасць беларускай сістэмы застаецца нізкаю. За год сітуацыя ў эканоміцы крыху палепшылася, у палітыцы і соцыуме крыху пагоршылася, вынікае з «Індэксу рэзіліентнасці». Нават калі ўсе паказнікі індэксу апусцяцца да мінімальнага значэння, рэжым не абрынецца. Але калі б улады хацелі стабілізаваць сітуацыю, яны маглі б паглядзець, з чым цяпер найбольшыя праблемы.

Заснавальнік «Цэнтру новых ідэяў» і дырэктар «Беларускай ініцыятывы» у «Chatham House» Рыгор Астапеня на Belarus Future Unconference 2024. Варшава, Польшча, 23 лістапада 2024 года. Фота: Белсат

Чаму не прыдумалі, як змяніць Беларусь? Што казалі на «Антыканферэнцыі» ў Варшаве

Рэпартаж

«Цэнтр новых ідэяў» прэзентаваў 27 сакавіка чарговае выданне «Індэксу рэзіліентнасці» для Беларусі. За год індэкс змяніўся нязначна: вырас з –1,96 да –1,94 паводле шкалы ад –5 да +5. 


Даследніца Леся Руднік растлумачыла, што рэзіліентнасць – гэта здольнасць пераадольваць крызісы, адаптавацца і вучыцца на крызісах. Гэта адначасова ўстойлівасць і гнуткасць, але не «стабільнасць» у разуменні дзяржаўнай прапаганды. Рэзіліентнасць замяраюць не для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, а агулам для Беларусі.


Руднік расказала, што індэкс распрацавалі чатыры гады таму, каб замяраць у адным месцы стан палітыкі, эканомікі, соцыуму і інфармацыйнай сферы ў Беларусі, сумарна 18 кірункаў і 77 паказнікаў паводле шкалы ад –5 да +5. Раней вывучалі і ваенную сферу, але сёлета проста не знайшлося экспертаў, гатовых вывучаць вайсковыя справы ў Беларусі. Чатыры дзясяткі экспертаў выступілі ананімна з меркаванняў бяспекі, ніводзін з экспертаў не перабываў у Беларусі. Метадалогію прыдумалі не з нуля, а абапіраліся на заходнія аналітычныя традыцыі.


Паказнікаў, якія можна было б назваць добрымі ў 2024 годзе, мала: дыяграма індэксу амаль уся чырвоная. Даследнік Генадзь Коршунаў адзначыў, што дынаміка ў розных сферах розная. 


Галоўная выснова такая: 

,,

«2024 год не наблізіў Беларусь да ўстойлівасці і здольнасці сістэмы адаптавацца да крызісаў».


«Хаця інстытуты аўтарытарызму ў 2024-м умацаваліся, як і становішча Лукашэнкі персанальна, палітычныя пастановы і заканадаўчыя змены мінулага года нясуць за сабой толькі паслабленне рэзіліентнасці краіны ў цэлым, узмацняючы яе залежнасць ад цэнтралізаванага эканамічнага і палітычнага курсу і аслабляючы магчымасці дыверсіфікацыі, адаптыўнасці і крызіснага рэагавання».


Вынікі года ў асобных кірунках Коршунаў апісаў наступным чынам.


Палітыка. Гэтая сфера і так была ў самым цяжкім стане. У 2024 годзе яна яшчэ крыху пагоршылася, унутраная палітыка прыйшла «на мяжу калапсу». Дзяржаўнае кіраванне і правапарадак у крызісе: дзяржава не працуе з грамадствам праактыўна, хоць і праводзіць крызісны маніторынг. У вонкавай палітыцы сітуацыя трошкі лепшая, але ўсё адно крызісная: найгоршая сітуацыя з курсам дзяржавы на добрасуседства і падтрыманнем дзяржавы грамадзянамі за мяжою. Сацыяльная інфраструктура – сацыяльная абарона, ахова здароўя, бытавая інфраструктура – яшчэ не «ў мінусе», але інфраструктура дэградуе, пенсійная сістэма пагаршаецца, мясцовыя ўлады слабнуць.


Інфармацыя. Сітуацыя кепская, горш за яе паказнікі толькі ў палітыцы. Калапсуюць паказнікі дэмакратычнасці дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі. Незалежныя медыі – амаль усе «экстрэмісцкія» і працуюць з-за мяжы. З тэхнічнага гледзішча сістэма хуткая, устойлівая і адносна недарагая, але яна можа быць замарожаная ці разбураная. 


Эканоміка. Паказнікі пагоршыліся нязначна, а агулам эканамічны індэкс нават кропельку вырас, хоць і застаўся ў крызісным стане. Адносна значнае паляпшэнне – у бюджэтна-фінансавай сферы, занятасці насельніцтва. Нізкім застаецца беспрацоўе, але дзякуючы дэфіцыту кадраў. Эканамічная база і рэсурсы для развіцця эканомікі маюць свае праблемы: вонкавыя рынкі не дыверсіфікаваныя, прыватны сектар працуе ў няроўных умовах з дзяржаўным, інвестыцыйны клімат у аўтарытарнай сістэме неспрыяльны.


Соцыум. Сітуацыя пагаршаецца павольна, але няспынна, і набліжаецца да такой, як у эканоміцы. Адзін з фактараў – пагаршэнне сітуацыі з дыяспарай, якая губляе сувязі з радзімай. Найгоршая сітуацыя – ва ўзаемадзеянні грамадства і дзяржавы: нізкі давер да дзяржавы, слабы ўдзел грамадства ў дзяржаўных справах. Хіба ў сферы грамадскіх арганізацыяў ёсць паляпшэнне: актывісты пачынаюць адаптоўвацца і працаваць у падпольным «партызанскім» фармаце, хоць да паўнавартаснай працы далёка. Са сферы грамадскай культуры не «ў мінусе» толькі грамадская салідарнасць, якая, праўда, праяўляецца пераважна за межамі Беларусі.


Але ж аўтарытарныя рэжымы могуць утрымацца і з усімі паказнікамі каля –5? Няўжо не ўстаяць «на штыках» рэжымы ў М’янме і Венесуэле? Леся Руднік адказвае: сутнасць індэксу і канцэпцыі рэзіліентнасці ў тым, каб разумець, якія канкрэтныя сферы больш ці менш уразлівыя, а канчатковай мэтаю дзяржаваў лічыцца дэмакратызацыя і нармалізацыя сістэмы.

,,

«Калі мэта ўладаў – нармалізацыя сітуацыі ў краіне, то была б рэкамендацыя паглядзець уважліва на тое, якія сферы варта ўзмацняць, якія паказнікі могуць самі сабою яшчэ нейкі час заставацца ўстойлівымі», – тлумачыць Руднік.


Яна прызнае: невялікія шанцы, што беларускія ўлады будуць прыслухоўвацца да такіх аналізаў. Таму ў індэксе і не даюць рэкамендацыяў, а толькі спадзяюцца, што палітычныя актары, якія будуць «у руля» ў вызначальны момант, здолеюць самі ацаніць, над чым трэба працаваць у першую чаргу.


Коршунаў прывёў у прыклад Паўночную Карэю. Аўтарытарная сістэма выбудоўвалася дзесяцігоддзямі, трымаецца вельмі доўга. Але яна не рэзіліентная, бо не выжыла б без дапамогі Кітаю. Не было б агульнага падтрымання грамадства, не было б эканомікі, што задавальняла патрэбы грамадства. «Мінус пяць паводле ўсіх паказнікаў» не азначае «рэжым заўтра абрынецца», а значыць толькі, што рэжым няўстойлівы і нягнуткі, а адпаведна, уразлівы.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10