Ноччу на 6 чэрвеня расейскія войскі нанеслі масаваную атаку па Кіеве балістычнымі ракетамі і беспілотнікамі. Кіеўскае метро часткова не працуе, шмат пацярпелых, ёсць забітыя.
У Дзяржаўнай службе надзвычайных сітуацыяў Украіны (ДСНС) паведамілі, што ў выніку атакі адбыўся пажар у 16-павярховым жылы доме і на аб'екце цывільнай інфраструктуры.
У Кіеве наземная частка станцыяў «Днепр» – «Лісава» часова зачыненая праз пашкоджанні:
«Разліковая працягласць працаў – 24 гадзіны. Пакуль каляіны не будуць цалкам адноўленыя, пасажырскія перавозкі будуць ажыццяўляцца толькі ў тых цягніках метро, што заставаліся на начны прыпынак у тупіковых падземных станцыях», – гаворыцца ў паведамленні кіеўскага метро.
Мэр Кіева Віталь Клічко напісаў, што ў выніку атакі загінулі чацвёра, яшчэ 20 асобаў пацярпелі, з іх 16 у шпіталі.
Кіраўнік МУС Украіны Ігар Клымэнка дадаў, што падчас ліквідацыі наступстваў аднаго з удараў былі забітыя і трое ратавальнікаў, якія дапамагалі людзям. Яшчэ дзевяць ратавальнікаў атрымалі раненні. Таксама ён удакладніў, што загінулых у выніку начнога нападу ўсяго трое, а не чацвёра, яшчэ 40 – пацярпелыя.
Выбухі прагрымелі таксама ў Чарнігаве, Луцку, Тэрнопалі, Жытоміры ды іншых рэгіёнах Украіны.
Калі верыць Мінабароны Расеі, Украіна ноччу 6 чэрвеня таксама запусціла больш за 170 БПЛА па расейскіх рэгіёнах. У Бранску чулі выбух у раёне аэрапорту, у Энгельсе адбыўся пажар у жылым комплексе, некалькі ўкраінскіх беспілотнікаў ляцелі і ў Маскву. Мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў пра адбіццё атакі 10 дронаў, пра пацярпелых нічога невядома.
Тэса Анэйда belsat.eu