Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп і ўладальнік «Tesla» (а таксама былы кіраўнік Дэпартаменту эфектыўнасці ўраду DOGE) Ілан Маск 5 чэрвеня ўпершыню публічна палаяліся ў сацсетках пасля таго, як з красавіка ігнаравалі адзін аднаго.
Пачалося з таго, што Трамп на прэс-канферэнцыі ў Белым доме раскрытыкаваў Маска за ягоныя нападкі на «неймаверны законапраект» наконт падаўжэння падатковых ільготаў і бюджэту, што прыдумалі рэспубліканцы.
«Я выбраў бы, каб ён крытыкаваў мяне, а не законапраект, бо законапраект неймаверны», – сказаў Трамп.
На думку Доналда Трампа, Ілан Маск «раздражнёны, бо мы прыбралі стымулы для электрамабільнай галіны, а гэта мільярды долараў». І падкрэсліў, што Маск ведаў «усю ўнутраную кухню» дакументу з самага пачатку.
Маск у сваёй сетцы Х назваў заяву пра ягоную дасведчанасць «сумнай хлуснёй», а ўсю сітуацыю – няўдзячнасцю, бо без ягонага падтрымання Трамп не стаў бы прэзідэнтам.
Відаць, гэта балюча зачапіла Трампа, які адказаў у сваёй сацыяльнай сетцы «Truth Social»:
«Самы просты спосаб заашчадзіць мільярды і мільярды долараў бюджэту – гэта спыніць дзяржаўныя субсідыі і кантракты Ілана. Я заўсёды дзівіўся, чаму Байдэн не зрабіў гэтага!» – напісаў ён.
Прэзідэнт ЗША дадаў, што Маск «проста звар’яцеў», калі ён папрасіў яго пайсці з ураду.
Маск у адказ напісаў, што Трамп фігураваў у так званых «файлах Эпстайна», датычных гандлю непаўналетнімі з мэтай іхнай сексуальнай эксплуатацыі і схілення да прастытуцыі. Маўляў, «гэта сапраўдная прычына, чаму файлы так і не былі апублікаваныя».
Пасля гэтага Маск заявіў, што Трампу трэба абвясціць імпічмент і замяніць ягоным намеснікам Джэймзам Дэйвідам Вэнсам.
Акрамя таго, Маск пастанавіў, што ягоная касмічная кампанія «SpaceX» перастане эксплуатаваць касмічны карабель «Dragon» – адзіны амерыканскі карабель, з дапамогай якога NASA можа дастаўляць астранаўтаў на МКС без расейскіх «Союз'аў», бо другі канкурэнт – «Boeing» – часова мае праблемы і не працуе.
Каб спыніць гэтую лаянку, у справу ўмяшаліся памочнікі ў Белым доме, пасля чаго ў кароткім інтэрвʼю «Politico» 6 чэрвеня Трамп заявіў, што «ўсё ідзе вельмі добра» і ён запланаваў на пятніцу тэлефонную гутарку з Маскам.
Пасля ўжо Маск падтрымаў выказванне мільярдэра Біла Экмэна, які заявіў пра неабходнасць замірэння.
Нагадаем, 30 траўня ўладальнік «Tesla» зняў з сябе паўнамоцтвы кіраўніка створанага пад яго DOGE: на гэтай пасадзе ён быў 130 дзён і займаўся скарачэннем бюджэтных выдаткаў і «неэфектыўных» чыноўнікаў. Афіцыйна ён патлумачыў звальненне тым, што скончыўся тэрмін ягонай пасады спецыяльнага дзяржаўнага службоўца. Пра сваё звальненне Маск напісаў праз дзень пасля таго, як заявіў, што «расчараваны» законапраектам Доналда Трампа аб бюджэце.
Дзейнасць Ілана Маска на пасадзе кіраўніка DOGE выклікала рэзкую крытыку, пратэсты ў краіне і падзенне продажаў «Tesla» на 71 %.
Тэса Анэйда belsat.eu