навіны

Аляксандр Куўшынаў распавёў, куды пойдуць грошы, за якія ён набыў гадзіннік Вячоркі

Гадзіннік «Omega» Франка Вячоркі
Гадзіннік «Omega» Франка Вячоркі. Скрыншот: belsat_news / YouTube
podpis źródła zdjęcia

ІТ-бізнесовец Аляксандр Куўшынаў, які прапанаваў за гадзіннік старэйшага дарадцы Святланы Ціханоўскай Франка Вячоркі найбольшую суму – 5000 долараў, распавёў, на якую «добрую беларускую справу» ахвяруе грошы.

Сродкі з аўкцыёну будуць скіраваныя на дзве беларускія ініцыятывы ў Вільні:


•   «Razam» – фонд, што дапамагае беларусам у Літве, ладзіць культурніцкія мерапрыемствы і вядомы сваёй тэатральнай студыяй.


•   Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча – тут ладзяцца выставы, лекцыі, канцэрты, працуе школа выходнага дня, дзе займаюцца дзясяткі беларускіх дзетак, якім давялося пакінуць радзіму.

,,

«Усе гэтыя ініцыятывы выжываюць дзякуючы данатам, і часта такім раптоўным, як мой. І праблема ў тым, што невядома, калі Франак працягне далейшы распродаж рэвалюцыйнага майна», – зазначыў Куўшынаў.


Гадзіннік Франка Вячоркі. Фота: facebook.com/viachorka

Вячорка прадаў свой гадзіннік за 5 тысяч долараў. Куды пойдуць грошы?

навіны

Бізнесовец таксама параіў, як падтрымліваць беларускія ініцыятывы ды не «паліцца» і не прыцягваць увагу розных «нядобразычліўцаў». Адзін са спосабаў, калі вы жывяце ў Літве ці Польшчы, – пералічваць 1,2–1,5 % ужо сплачанага падатку на карысць беларускіх арганізацыяў.


«Простая матэматыка: 4000 беларускіх айцішнікаў заплацілі летась у Літве каля 100 мільёнаў еўраў падаткаў. То бок мы можам накіроўваць больш за 1 мільён еўраў штогод на беларускія праекты. А калі ўсе 50 000 беларусаў з ВНЖ у Літве зрабілі б тое ж – сума была б у разы большай. А цяпер дадайце Польшчу, і лічбы будуць яшчэ больш значныя», – напісаў у «Фэйсбуку» новы гаспадар гадзінніка Франка Вячоркі.


Аляксандр Куўшынаў задаецца пытаннем, чаму гэтым спосабам карыстаецца так мала людзей:

,,

«Цэлыя арганізацыі змагаюцца за выжыванне, у той час як беларусы скардзяцца, што "няма падтрымання", і засмучаюцца, што Трамп спыніў фінансаванне беларускіх праектаў. Але дзе грошы беларускіх падаткаплатнікаў? Падтрымлівайце сваё. Любіце сваё. І памятайце: будучыня Беларусі – у нашых руках».


«Белсат» звярнуў увагу на дарагі гадзіннік Франака Вячоркі «Omega» яшчэ летась.


«Мне яго падараваў чалавек, які вельмі шмат спрычыніўся да беларускай справы, займаўся і да 2020 года, і пасля 2020-га адраджэннем беларускіх мясцінаў. Многія яго ведаюць таксама. Ну ён, пабачыўшы, напэўна, што ў мяне няма гадзінніка, проста зняў свой з рукі і сказаў: вось табе, каб хутчэй вярнуцца ў Беларусь», – расказаў Франак Вячорка «Белсату» летась у сакавіку.


Пасля розгаласу летась у жніўні галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай паведаміў, што «гадзіннік пайшоў на дабрачынную ініцыятыву, будзе марафон салідарнасці, і там будуць адбывацца аўкцыёны ў падтрыманне палітычных вязняў у Беларусі, і, думаю, там будзе разыграны гадзіннік».


Другі марафон салідарнасці меўся адбыцца летась у кастрычніку, аднак яго адклалі на няпэўны тэрмін. Такім чынам, і гадзіннік Вячоркі не пайшоў з малатка.


Сёлета ў сярэдзіне сакавіка «Белсат» запытаўся ў палітыка пра лёс гадзінніка.


«Ляжыць у сейфе з іншымі лотамі. Чакае на аўкцыён», – адказаў Франак.


Літаральна праз некалькі дзён пасля размовы, 21 сакавіка, на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» Вячорка напісаў, што аддасць гадзіннік любому, хто ахвяруе найбольшую суму грошай «на добрую беларускую справу».


У выніку гадзіннік за 5000 долараў набыў Аляксандр Куўшынаў – топ-менеджар ІТ-кампаніі «Gurtam». У ліпені 2020 года яго затрымлівалі ў Менску, калі ён ехаў на ровары падаваць скаргу ў ЦВК.


Паводле Telegram-каналу, набліжанага да лукашэнкаўскіх сілавікоў, супраць Куўшынава пасля ўдзелу ў аўкцыёне можа быць заведзеная крымінальная справа за фінансаванне экстрэмізму.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10