У Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адкрыецца незалежная выстава «Застацца / Zostać», натхнёная постаццю і мастацтвам загінулага палітвязня Алеся Пушкіна. Выстава пачне працу 6 жніўня 2025 года. Цяпер ахвочыя мастакі могуць падаць заяўку і прыяднацца да падзеі.
«Выстава аб’яднае працы мастакоў і мастачак у міграцыі, якія праз візуальнае мастацтва даследуюць тэмы страты, прысутнасці, ідэнтычнасці, штодзённасці і культурнай трансфармацыі. У цэнтры – не фігура Пушкіна як гістарычная, а яго ідэі, вобразы і метады, што працягваюць жыць у мастацкіх практыках сёння. Мы робім гэту выставу, каб гаварыць пра асабістае і супольнае, пра тое, што балела і што працягвае жыць унутры», – паведамляюць у прэс-рэлізе арганізатары.
Выстава аб’яднае да 20 прац мастакоў і мастачак, якія:
- натхняліся творчасцю Алеся Пушкіна;
- даследуюць досвед выгнання, страты, пошуку каранёў;
- працуюць з тэмамі ўнутранай свабоды, памяці, рытуалу і побыту.
Цяпер адкрыты open call на ўдзел у выставе. Арганізатары запрашаюць мастачак і мастакоў, якія жывуць у Польшчы і краінах-суседках ЕЗ, прыняць удзел.
«У нас няма абмежаванняў па формах, мы чакаем заяўкі на інсталяцыі, жывапіс, відэа, фатаграфіі перфарматыўныя элементы, звязаныя з наступнымі тэмамі: міграцыя і трансфармацыя пошук сваёй ідэнтычнасці; досвед жыцця «паміж» краінамі, мовамі, станамі; асабістыя перажыванні і мастацкае сведчанне», – адзначаюць арганізатары.
Прадугледжана аплата транспартавання работ мастакоў на выставу і іх устаноўка. Ганарары не прадугледжаны, але, ёсць магчымасць прапанаваць сваю працу на аўкцыён – сродкі застаюцца аўтару ці аўтарцы.
Падаць працу можна да 20 траўня праз форму.
Хто робіць праект і як яго падтрымаць
Праект ствараецца незалежнай ініцыятыўнай групай, якая не мае інстытуцыйнай падтрымкі.
«Выстава – гэта працяг даследчай працы, якая ўжо прывяла да стварэння старонкі памяці Алеся Пушкіна (alespushkin.com), фармавання візуальнага архіва яго твораў і распрацоўкі будучага альбома», – адзначаюць арганізатары. – Для рэалізацыі выставы наша каманда таксама запусціла краўдфандынг на платформе Gronka, каб сабраць мінімум 3000 € на лагістыку, мантаж і святло, аплату працы каманды, друк афіш і матэрыялаў, прасоўванне
Кожны донар – важны для нас. Ад 5 € можна атрымаць падзяку ў Instagram, а пры ўнёску 500 € – паўдзельнічаць у выбары адной з работ для выставы», – расказвае каманда праекту.
Яны адзначаюць, што «Застацца» – гэта не толькі ўшанаванне Алеся Пушкіна, але і голас сённяшніх мастакоў і мастачак, якія жывуць у новым кантэксце, але працягваюць гаварыць.
Сачыць за праектам можна на платформе «Gronka», у Instagram.