КДБ дадаў у «спіс тэрарыстаў» яшчэ 10 чалавек, паведамляюць праваабаронцы «Вясны». Пра гэта і іншыя парушэнні правоў у Беларусі ў аглядзе рэпрэсіяў.
Сярод беларусаў, якіх КДБ палічыў асобамі, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці Павел Лашчанка, Андрэй Варонін, Аляксандр Кендысь, Уладзімір Карней, Максім Солап, Вячаслаў Дземянчонак, Таццяна Марыніч, Анастасія Хамянкова, Яўген Пугач, Ірына Суржык.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1286 чалавек, з іх 592 – беларусы.
Таксама папоўнены «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 29 прозвішчаў – цяпер у ім 5257 чалавек.
Сярод іншых, у спіс дадалі аналітыка Андрэя Паротнікава, перакладчыка Сяргея Горлава, а таксама беларускамоўную IT-спецыялістку з EPAM Марыну Леановіч.
Праваабаронцам стала вядома, што 45-гадовую жыхарку Глыбокага Алену Шарабайку пакаралі па «народным» артыкуле. Яе прозвішча з'явілася ў абноўленым «спісе экстрэмістаў». Там пазначана, што ў дачыненні да яе «набыў моц прысуд Глыбоцкага раённага суда Віцебскай вобласці паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу», а судзімасць не пагашана.
А берасцейскага бізнесоўца завочна пакаралі 3 гадамі калоніі. Берасцейскі абласны суд 28 лютага разгледзеў крымінальную справу супраць бізнесоўца Андрэя Вароніна, які некалькі гадоў знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі.
Яго прызналі вінаватым у «публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады, а таксама здзяйсненні іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361 КК).
Вядома, што ў 2020 годзе мужчына ўвайшоў у склад Каардынацыйнай рады па Берасцейскай вобласці. 26 жніўня 2020 года Андрэй паведаміў, што да яго прыйшлі сілавікі. У той жа дзень ён разам з жонкай пакінуў Беларусь.
Паводле праваабаронцаў, у Беларусі павялічылася колькасць выпадкаў прыцягнення да крымінальнай адказнасці паводле арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Паведамляецца, што ў некаторых справах нават няма прамых доказаў ва ўзаемадзеянні чалавека з «экстрэмістамі», аднак гэта не спыняе палітычны пераслед людзей. Паводле інфармацыі «Вясны», за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) асудзілі не менш за 254 чалавекі.
Арсен Рудэнка belsat.eu