У 27-гадовага Антона Роса праблемы з памяццю. Ëн прыехаў у Беларусь у таварным вагоне ў сакавіку, пакуль яго шукалі маці і паліцыя.
Пра гэта паведаміў тэлеканал «Беларусь-1». Беларускія прапагандысты адразу пасля затрымання Антона Роса ў Беларусі зладзілі з ім інтэрв’ю і заявілі, што грамадзянін ЗША мае «пэўныя праблемы са здароўем» і хоча застацца ў Беларусі. У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі заявілі, што пасля прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці яго дэпартуюць на тэрыторыю Літвы.
Толькі праз паўтара месяца, 8 траўня, яго з Беларусі вывезлі бацькі: бацька-амерыканец і маці-ўкраінка, якая цяпер жыве ў Чэхіі. Маці Ларыса Рос у сюжэце прапаганды ад 8 траўня расказала, што ў хлопца з’явіліся праблемы са здароўем, у тым ліку з памяццю, у снежні 2024-га. Магчыма, гэта здарылася праз каронавірус, які той перанёс двойчы.
Чаму ён паехаў менавіта ў Беларусь, бацькі не ведаюць. Але кажуць, нібыта хлопец два гады таму ўжо быў у Беларусі і яму тут вельмі спадабалася. Прапаганда назвала гэта «маніякальным жаданнем трапіць у Беларусь».
«Калі ён быў тут мінулым разам, ён напісаў мне: «Я прызямліўся ў раі». Вядома, я перажываў, калі даведаўся, якім чынам ён апынуўся тут (…) Але ў нейкім сэнсе я быў рады, што ён апынуўся тут: я б сапраўды хацеў, каб ён вярнуўся»,— кажа ягоны бацька Ўільям Пітэр Рос.
Нагадаем, Антона Роса затрымалі 31 сакавіка 2025 года падчас правярання грузавога цягніка з Літвы. Затрыманаму выставілі абвінавачанне ў незаконным перасячэнні мяжы і аштрафавалі. Маці Антона Ларыса Рос казала, што аплаціла і штраф, і выдаткі на ягонае ўтрыманне, але дэпартацыя так і не адбылася. Ні маці, ні адваката да яго не пускалі.
14 красавіка маці даведалася, што сына «перавялі ў цэнтральны апарат Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь».
Тэса Анэйда belsat.eu