навіны

Сталася вядома, як новы Папа Рымскі ставіцца да Трампа і Вэнса

Робэрт Фрэнсіс Прэваст прысутнічае на пахаванні Папы Францішка на плошчы Святога Пятра 26 красавіка 2025 года ў Ватыкане. Фота: Franco Origlia / Getty Images
Робэрт Фрэнсіс Прэваст прысутнічае на пахаванні Папы Францішка на плошчы Святога Пятра 26 красавіка 2025 года ў Ватыкане. Фота: Franco Origlia / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Робэрт Фрэнсіс Прэваст (ён жа Леў XIV) – чарговы Папа Рымскі, але першы – з ЗША. Ëн нарадзіўся ў Чыкага.

Высветлілася, як ён ставіцца да новага кіраўніцтва сваёй радзімы, калі журналісты знайшлі меркавана ягоны акаўнт у Х (пакуль Ватыкан афіцыйна гэтага не пацвердзіў).


Акаўнт у сацыяльных сетках Робэрта Прэваста неаднаразова крытыкаваў адміністрацыю Доналда Трампа – і асабліва віцэ-прэзідэнта Дж. Д. Вэнса – за гады да ўступлення на пасад Папы.


Акаўнт паказвае, што кардынал перапосціў артыкул з крытыкаю Вэнса за ягоную інтэрпрэтацыю веры і строгую іміграцыйную палітыку, якую прапагандаваў Вэнс разам з прэзідэнтам Доналдам Трампам.


У сярэдзіне красавіка ў акаўнце быў перадрукаваны чужы допіс наконт сустрэчы Трампа ў Авальным кабінеце з прэзідэнтам Сальвадора, а таксама калонка каталіцкага біскупа з Вашынгтона Эвельё Мэнхівара, у якой асвятляліся пакуты мігрантаў, якіх адміністрацыя Трампа неадкладна дэпартавала ў Сальвадор.


«Ці вы не бачыце пакутаў? Ці не турбуе вашае сумленне?» – гаворыцца ў артыкуле, што перадрукаваў Прэваст.


У якасці больш яскравага прыкладу можна назваць публікацыю ў лютым артыкулу з каталіцкай газеты «National Catholic Reporter» пад назваю «Джэй Д. Вэнс памыляецца: Ісус не просіць нас ацэньваць нашую любоў да іншых».


Гэта важна таму, што каталікі – найбуйнейшая хрысціянская канфесія ў Злучаных Штатах, і Трамп актыўна падтрымліваў каталікоў у асноўных штатах, каб выйграць прэзідэнцкія выбары. Трамп таксама прызначыў некалькіх каталікоў – акрамя Вэнса – на высокія пасады ў Кабінеце міністраў. Папа Францішак, які памёр 21 красавіка, рэгулярна крытыкаваў адміністрацыю Трампа і ў адзін момант наўмысна раскрытыкаваў Вэнса за ягоную інтэрпрэтацыю царкоўнага вучэння пра любоў.


У некалькіх твітах, што датуюцца прэзідэнцкай кампаніяй 2016 года і першым тэрмінам Трампа на пасадзе, акаўнт дэманстраваў упэўненую апазіцыю да смяротнага пакарання і рыторыкі Трампа.


У 2023 годзе Папа Францішак зрабіў Робэрта Фрэнсіса Прэваста сваім кардыналам, а таксама прызначыў кіраўніком дыкастэрыі ў справах біскупаў. Гэтая пасада лічыцца вельмі важнаю, паколькі чалавек на ёй адказвае за выбар новых біскупаў. Прызначэнне было ўспрынятае і як набліжанасць цяперашняга Папы да Папы Францішка.


Верагодна, Леў XIV таксама блізкі і ў поглядах да Францішка. У прыватнасці, ён падтрымаў Францішка ў пытанні допуску разведзеных і паўторна жанатых каталікоў да Святой Камуніі, а таксама падтрымліваў ініцыятыву Францішка дазволіць аднаполым парам атрымліваць благаславенне.


Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10