За содні, з 6:00 24 сакавіка да 6:00 25 сакавіка, моцны вецер з парывамі да 22 м/с выклікаў пашкоджанні і перабоі з электразабеспячэннем у розных рэгіёнах Беларусі.
Паводле МНС, найбольш адчувальныя наступствы непагадзі былі зафіксаваныя ў шасці паселішчах Горацкага і Мсціслаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці. Там пашкоджаныя дахі трох жылых дамоў, дзвюх школаў, шасці сельскагаспадарчых будынкаў і адной гаспадарчай пабудовы. Паводле папярэдніх звестак, пацярпелых няма.
Як паведамляе «Белэнерга», за содні на тэрыторыі краіны перыядычна парушалася электразабеспячэнне 223 паселішчаў. Найбольш – у Віцебскай вобласці (121 пункт), таксама ў Менскай (45), Гарадзенскай (31), Гомельскай (15), Магілёўскай (10) і Берасцейскай (1) вобласцях.
Акрамя таго, былі абясточаныя 889 трансфарматарных падстанцыяў і 23 сельскагаспадарчыя аб’екты.
На 6:00 25 сакавіка без электрычнасці заставаліся дзевяць паселішчаў – тры ў Гомельскай вобласці і шэсць у Менскай. Паведамляецца, што аварыйныя брыгады працягваюць ліквідаваць наступствы стыхіі.
Надзея Вольная belsat.eu