навіны

СМІ кажуць пра гібель вайскоўцаў ЗША ў Літве недалёка ад Беларусі. Афіцыйна ідуць пошукі

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайсковец ЗША. Фота: @USArmyEURAF / Х
podpis źródła zdjęcia

Чацвёра вайскоўцаў ЗША зніклі без вестак у Літве на палігоне каля гораду Пабрадзе, паведамляе Штаб сілаў ЗША ў Еўропе і Афрыцы. Літоўскі тэлеканал кажа пра іхную гібель.

Пабрадзе размешчанае недалёка ад мяжы з Беларуссю. Там вайскоўцы ЗША былі на планавых вайсковых вучэннях і зніклі па дарозе з палігону ўвечары 25 сакавіка.

Пабрадзе і беларуская мяжа на мапах «Google». Скрыншот: Белсат
Пабрадзе і беларуская мяжа на мапах «Google». Скрыншот: Белсат

Спачатку паведамлялася пра трох жаўнераў, аднак 26 сакавіка Штаб сілаў ЗША ў Еўропе і Афрыцы пацвердзіў знікненне чатырох асобаў і паведаміў, што гэта вайскоўцы 1-й брыгады 3-й пяхотнай дывізіі. LRT адзначае, што знік таксама аўтамабіль. Іх шукаюць вайскоўцы ЗША, Літвы, а таксама літоўскія праваахоўныя органы.

Крыніцы літоўскага тэлеканалу TV3 паведамляюць, што амерыканскія жаўнеры загінулі.

Прэм'ер-міністр Літвы Гінтаўтас Палуцкас сказаў, што ў яго ёсць пэўная інфармацыя пра знікненне вайскоўцаў, аднак пакуль ён не можа яе паведаміць, перадае «Delfi».

«Пакуль нічога дадаткова паведамляць не магу. Вядома больш, але акалічнасці расследуюць. Прашу пачакаць, інфармацыя будзе дадзеная, – сказаў Палуцкас. – Вядзецца расследаванне. Калі інфармацыя будзе дакладная, яе дадуць грамадству».

У паведамленні Штабу сілаў ЗША ў Еўропе і Афрыцы днём 26 сакавіка генерал-лейтэнант Чарлз Кастэнза дзякуе Літве за пошукі:

«Я хацеў бы асабіста падзякаваць узброеным сілам Літвы і ратавальнікам, якія хутка прыйшлі нам на дапамогу ў пошукавых аперацыях. Менавіта такая камандная праца і падтрыманне ёсць узорам важнасці нашага партнёрства і нашай чалавечнасці, незалежна ад таго, якія сцягі мы носім на сваіх плячах».


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10