Фільм беларуска-польскай рэжысёркі Мары Тамковіч ужо атрымаў больш за 20 узнагародаў на розных фестывалях свету, у тым ліку – у Антарктыцы.
Урачысты прэм’ерны папярэдні паказ фільму «Пад шэрым небам» пройдзе ўжо сёння, 26 сакавіка, а 20-й гадзіне ў варшаўскім кінатэатры «Atlantik». Заўтра, 27 сакавіка, фільм пакажуць у варшаўскім кінатэатры «Elektronik», а 28 сакавіка фільм выходзіць у агульны польскі пракат. Расклад у іншых гарадах глядзіце тут.
«Гэта быў год рэгулярнай працы, год высілкаў на тое, каб фільм выглядаў так, як ён мусіць выглядаць», — распавяла Мара Тамковіч у эфіры праграмы «Раніца з Белсатам» 26 сакавіка. — Галоўнай складанасцю было знайсці баланс паміж рэальнай гісторыяй і драматургічнай структурай, якая мусіць быць у фільме, каб збалансаваць рэчаіснасць і зразумеласць гэтага фільму не толькі для беларускіх гледачоў, якія перажывалі гэтыя падзеі, але і для замежнікаў. Са свайго аўтарскага боку я задаволеная тым, дзе мы апынуліся з гэтым фільмам. Ëн прыадкрыў акенца ў нашую беларускую рэчаіснасць».
Стужка «Пад шэрым небам» прысвечаная беларускім журналістам Кацярыне Андрэевай і Ігару Ільяшу. Фільм апавядае пра іхны лёс і рэпрэсіі, што закранулі ўсіх незалежных журналістаў у Беларусі.
Нагадаем, Кацярыну Андрэеву, якая працавала на тэлеканале «Белсат», затрымалі ў 2020 годзе пасля стрыму з плошчы Пераменаў у Менску. Спачатку яе асудзілі на два гады калоніі, а затым – яшчэ на шэсць гадоў за «дзяржаўную здраду». Мужа Кацярыны Ігара Ільяша сілавікі затрымалі ў 2024 годзе.
Тэса Анэйда / belsat.eu