навіны

«Давялося пешкі падымацца на 20-ы паверх». У Менску на чатыры гадзіны знікла электрычнасць

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Минскэнерго / Telegram
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Минскэнерго / Telegram
podpis źródła zdjęcia

26 сакавіка, на наступны дзень пасля інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, беларуская сталіца агарнулася цемраю. Пра адсутнасць электрычнасці чытачы «Белсату» паведамляюць з самых розных канцоў Менску.

«Давялося пешкі падымацца на 20-ы паверх, бо ліфт не працаваў», – апавёў адзін з іх.

Факт аварыі пацвердзілі і камунальныя службы. У «Менскэнерга» заявілі, што а 13:33 было зафіксаванае «парушэнне электразабеспячэння спажыўцоў Менску».

Для аператыўнага аднаўлення электразабеспячэння былі скіраваныя чатыры аператыўна-выязныя брыгады. Спецыялісты перазапітваюць спажыўцоў праз рэзервовыя сувязі.

Станам на 14:30 адсутнасць электразабеспячэння назіралася пераважна ў Фрунзенскім раёне. Але вядома таксама пра праблемы ў Цэнтральным і Кастрычніцкім. У некаторых людзей ёсць праблемы з вадою, адзначаюць «Минск-Новости». ДАІ паведамляе пра магчымыя праблемы з святлафорамі.

Праз адсутнасць электрычнасці на 30–90 хвілінаў спыняўся і рух тралейбусаў, заявілі ў «Менсктрансе».

Каля 18:00 некаторыя з чытачоў «Белсату» паведамілі, што праз некалькі гадзінаў адсутнасці электрычнасць пачала з'яўляцца.

Абноўлена. У «Менскэнерга» адзначылі, што электразабеспячэнне ўсіх спажыўцоў цалкам адноўленае а 17:43. Паводле ведамства, прычынаю аварыі стаўся абрыў шлейфу а 13:33, у выніку чаго парушалася работа лініі электраперадачы напругаю 110 кВ «ЦЭЦ-4Лынькоўская».

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10