«Белавія» дадасць у свой, знясілены санкцыямі, флот тры самалёты «Airbus A330» ад гамбійскай кампаніі «Magic Air». Кожны з самалётаў можа перавозіць каля 250 пасажыраў.
Пра гэта паведамляе «Reuters» са спасылкаю на тры дасведчаныя крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.
Паводле адной з іх, авіякампанія «Белавія» цяпер у працэсе падпісання кантракту на куплю самалётаў, што прыбылі ў вельмі дрэнным тэхнічным стане, і плануе іх адрамантаваць, каб пачаць эксплуатацыю ў вясенне-летні сезон.
Паводле звестак «Reuters», «Magic Air» — малавядомая прыватная кампанія, што займаецца лізінгам самалётаў і авіяперавозамі, але яна нават не мае ніякай інфармацыі ў інтэрнэце і не адказвае на свае тэлефоны.
Гамбія не падпадае пад авіяцыйныя санкцыі, аднак некаторыя судны, зарэгістраваныя ў Гамбіі, трапілі пад санкцыі ЗША, Вялікай Брытаніі і Еўразвязу за дапамогу Расеі ў абыходзе абмежаванняў на экспарт нафты праз сетку танкераў.
Дарэчы, гэта ўжо не першыя пастаўкі самалётаў у Беларусь ад «Magic Air». Восенню 2024 года ў Менску прызямліўся яшчэ адзін самалёт «Airbus A320», што праз некалькі дзён перайшоў сірыйскай кампаніі «Cham Wings Airlines», каб выконваць рэйсы з Дамаску ў Менск. Нагадаем, самалёты менавіта гэтай авіякампаніі ў 2021 годзе «таемна» прывозілі мігрантаў з арабскіх краінаў у Беларусь.
Мяркуючы з звестак беларускай авіякампаніі, аніводнага самалёта «Airbus A320» у аўтапарку «Белавія» пакуль няма.
Тэса Анэйда / belsat.eu