У сталіцы Эстоніі раніцай 24 сакавіка адбылося ўрачыстае адкрыццё Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі, кіраўніком якога будзе Віталь Малчанаў – прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у Эстоніі і Латвіі.
Удзел у адкрыцці офісу ўзяла лідарка дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская, якая цяпер у Талліне з працоўным візітам. На адкрыцці прысутнічалі таксама міністр замежных справаў Эстоніі Урмас Рэйнсалу, старшыня Таллінскай гарадской рады Тоомас Круусімягі, генеральны сакратар МЗС Эстоніі Ёнатан Усэўёў, прадстаўнікі МЗС Эстоніі Рыйна Кальюранд, Эрыка Элламаа-Оц, Кярт Юхасоо-Лоўрэнс, дырэктарка офісу Паўночнай рады Міністраў у Эстоніі Марыя Грачэў, прадстаўнікі гарадскога ўраду, амбасадары Фінляндыі, Ірландыі, Швецыі, Нідэрландаў, Нарвегіі, Італіі, Малдовы, а таксама прадстаўнікі Латвіі, Францыі, ЗША, Румыніі, Канады, Украіны ды іншых краінаў.
Таксама адбылася цырымонія ўзнагароджання Марка Коплімаа – адмысловага прадстаўніка Эстоніі ў справах дэмакратычных сілаў Беларусі.
Ціханоўская ў сваім слове падзякавала Міністэрству замежных справаў Эстоніі за падтрыманне і нагадала пра гістарычную сувязь паміж Беларуссю і Эстоніяй, а таксама – пра агульную барацьбу за свабоду і еўрапейскія каштоўнасці. Яна заклікала быць разам, каб «перашкодзіць Пуціну аднавіць Расейскую імперыю – турму народаў».
Кіраўнік офісу Віталь Малчанаў адзначыў, што «мэта прадстаўніцтва – быць апорным пунктам для ўсіх, хто працягвае змагацца за дэмакратычную Беларусь: актывістаў, ініцыятываў, тых, хто пацярпеў ад рэпрэсіяў».
Нагадаем, што ў Талліне на Дзень Волі 25 сакавіка запланаваны святочны забег.
Якуб Хруст belsat.eu