Палітзняволеная, якая выйшла паводле памілавання, змагла пакінуць тэрыторыю Беларусі. Пасля доўгага расстання яна нарэшце сустрэлася з мамай і дзецьмі.
Кранальны допіс і відэа сустрэчы апублікавала ў сваім «Facebook» мама Антаніны Канавалавай – Ганна Канавалава. Гэтая жанчына пасля арышту дачкі разам з двума ўнукамі ўцякла ў Польшчу.
,,«Ну, вось, збылося!!! Мы дачакаліся!!! Пасля 1555 дзён няволі… Мы нарэшце змаглі абняцца! Вельмі цаню, люблю кожнага з вас, хто дапамагаў мне і дзецям выстаяць, а часам і выжыць. Я перад вамі ў неаплатным даўгу. Усіх абдымаю», – напісала Ганна Канавалава.
Пра вызваленне палітзняволенай Антаніны Канавалавай сталася вядома ў сярэдзіне снежня 2024 года.
Антаніна Канавалава была даверанаю асобаю кандыдаткі на прэзідэнцтва Святланы Ціханоўскай.
У траўні 2021 года суддзя Менскага абласнога суда Сяргей Епіхаў прызначыў Канавалавай 5,5 года калоніі паводле абвінавачання ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ў навучанні да ўдзелу ў іх.
Такі ж тэрмін атрымаў муж Антаніны Сяргей Ярашэвіч, які таксама быў фігурантам гэтае справы. Ён застаецца за кратамі. У сужэнцаў двое дзяцей, з якімі да вяртання Антаніны заставалася ейная маці Ганна.
У кастрычніку летась Ганна Канавалава ўзяла пад апеку яшчэ дваіх беларускіх дзяцей, якія праз кепскае сацыяльнае становішча сям'і апынуліся ў польскім дзіцячым доме.
Раман Шавель belsat.eu