Віктар Орбан выклаў 12 патрабаванняў Еўразвязу, якія адлюстроўваюць ягоную палітычную лінію і стаўленне да пытанняў нацыянальнага суверэнітэту, міграцыі і ўнутранай палітыкі ЕЗ.
Прэм'ер-міністр Вугоршчыны напісаў іх у сваім акаўнце на платформе X, пачаўшы словамі: «Няхай жывуць мір, свабода, адзінства».
- Мы патрабуем Еўропу нацыяў.
- Мы патрабуем роўнасці перад законам для ўсіх дзяржаваў-сябраў.
- Вярнуць кампетэнцыі, незаконна адабраныя ў нацыяў.
- Нацыянальны суверэнітэт і моцнае вета для нацыянальных урадаў.
- Выгнаць агентаў Сораса з Камісіі і выдаліць карупцыйных лабістаў з парламенту.
- Не закладайце будучыні нашых унукаў, зліквідуйце доўг Еўразвязу.
- Не перашкаджайце нашай нацыянальнай гвардыі ахоўваць нашыя мяжы. Не прывозьце мігрантаў і выдаліце тых, хто прыбыў нелегальна.
- Карупцыйныя долары і еўры не павінны паступаць у дзяржавы-чальцы.
- Забараніць ненатуральнае перавыхаванне нашых дзяцей.
- Ахоўваць хрысціянскую спадчыну Еўропы.
- Мы патрабуем міру ў Еўропе.
- Звяз, але без Украіны.
«Роўнасць, свабода, братэрства!» – напісаў у канцы допісу Орбан.
Нагадаем, што Віктар Орбан рэгулярна блакуе некаторыя ініцыятывы ЕЗ, якія, на ягоную думку, супярэчаць інтарэсам Вугоршчыны. Напрыклад, выступае супраць надавання фінансавай дапамогі Украіне ў межах дапамогі ЕЗ, падкрэсліваючы, што гэта можа негатыўна ўплываць на эканоміку ягонай краіны. Таксама неаднаразова крытыкаваў заходнюю палітыку адносна санкцыяў супраць Расеі, кажучы, што яны шкодзяць эканомікам Еўропы, у той час як Расея ўцягнутая ў вайну ва Украіне.
Гэтак, Вугоршчына спрычынілася да зрыву працы над новым пакетам вайсковай дапамогі Украіне на суму 20 мільярдаў еўраў. Пакет, які меў залучаць артылерыйскія снарады, сістэмы паветранай абароны і ракеты, быў часткаю плану Урзулі фон дэр Ляен для пераўзбраення Еўрапейскага Звязу.
Раман Шавель belsat.eu