У Следчым камітэце раскрылі падрабязнасці справы 33-гадовага Аляксандра Ліпскага, смяротна параненага міліцыянтамі падчас затрымання. Бацькоў мужчыны западозрылі ў рыхтаванні дзеля помсты забойства сілавікоў.
33-гадовы Аляксандр Ліпскі, паводле следства, у лістападзе 2021 года застрэліў жанчыну ў кватэры на праспекце Ракасоўскага ў менскай Серабранцы. Мужчына ўцёк, разам з ім знікла ягоная 63-гадовая маці Раіса.
Як паведаміў дзяржаўны тэлеканал ОНТ са спасылкаю на Следчы камітэт, знайсці іх дапамог бацька імавернага забойцы Уладзімір. Той працаваў у Расеі і зрэдку прыязджаў у Беларусь. За мужчынам сачылі, і летась у жніўні аператыўнікі заўважылі, як ён сустрэў на аўтобусным прыпынку жанчыну, разам яны доўга ездзілі з перасадкамі, потым купілі харчоў і паехалі ў кватэру.
Там пару затрымалі, а падчас вобшуку знайшлі на лоджыі люк, дзе, як высветлілася, хаваўся Ліпскі. У выніку страляніны ён атрымаў раненні і памёр у шпіталі.
У тэлесюжэце заявілі, што мужчына «не проста хаваўся ад правасуддзя, а рыхтаваў тэракт». У гаражы, што арандавала маці, сілавікі, як сцвярджаецца, знайшлі цэлы арсенал, у тым ліку выбуховыя рэчы.
Акрамя таго, быў знойдзены спіс людзей, якіх нібыта планаваў забіць Ліпскі. Гэтак ён хацеў адпомсціць за даўні канфлікт з суседзямі. У пераліку былі «працаўнікі праваахоўных органаў і сведкі». Бацькі Ліпскага дапамагалі сыну ў гэтых планах, заявіў намеснік кіраўніка менскага ўпраўлення СК Дзяніс Дышчанка:
,,«Бацькі Ліпскага прызнаныя падазраванымі ва ўчыненні дзеянняў, датычных агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, таксама яны прызнаныя падазраванымі ў рыхтаванні да забойства з матываў помсты».
За гэта Раісе і Уладзіміру Ліпскім пагражае смяротнае пакаранне, заявіў аўтар сюжэту, не ўдакладніўшы, што ў Беларусі дзяржава расстрэльвае паводле судовых пастановаў толькі мужчынаў, маладзейшых за 65 гадоў.
Беларусь – адзіная краіна Еўропы, дзе выкарыстоўваецца смяротнае пакаранне. У траўні 2022 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў папраўкі да Крымінальнага кодэксу Беларусі, якія прадугледжваюць расстрэл за замах на здзяйсненне акту тэрарызму.
А ў сакавіку 2023 года было ўведзенае смяротнае пакаранне за дзяржаўную здраду, яно можа выкарыстоўвацца да вайскоўцаў, а таксама службоўцаў, якія займаюць дзяржаўныя пасады.
Праваабаронцы выступаюць супраць гэтай найвышэйшай захады пакарання, адзначаючы, што пагроза расстрэлу не спыняе злачынцаў, акрамя таго, існуе імавернасць судовых памылак.
Сцяпан Кубік belsat.eu