Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што з’яўленне міратворцаў NATO ва Украіне будзе азначаць вайну Расейскай Федэрацыі з Альянсам.
Намеснік старшыні Рады бяспекі Расеі Дзмітрый Мядзведзеў ізноў выказаўся ў даволі хамскай манеры пра ідэю прыцягнення міратворцаў з еўрапейскіх краінаў, што выказваюць прадстаўнікі Францыі, Вялікай Брытаніі і Нямеччыны.
,,«Макрон і Стармэр гуляюць бязглузда. Зноў і зноў ім кажуць, што міратворцы мусяць быць з дзяржаваў, якія не ёсць сябрамі NATO. Не, мы адправім дзясяткі тысячаў. Проста скажыце як ёсць: вы хочаце даць вайсковую дапамогу неанацыстам [так у РФ зняважліва называюць прадстаўнікоў украінскіх уладаў. – Заўв. рэд. «Белсату»] у Кіеве. Гэта азначае вайну з NATO. Пракансультуйцеся з Трампам, падонкі», – напісаў Мядзведзеў у сваім акаўнце сацсеткі «Х».
Гэтыя заявы Мядзведзева прагучалі на фоне словаў брытанскага прэм’ера Кіра Стармэра, які прэзентаваў планы стварэння заходніх міратворчых сілаў для Украіны колькасцю больш за 10 тысячаў чалавек. Так, паводле выдання «The Sunday Times», ён атрымаў падтрыманне значна большай колькасці краінаў, чым першапачатковыя тры, што прапанавалі даслаць наземныя войскі. Асноўную частку сілаў, хутчэй за ўсё, забяспечаць Вялікая Брытанія і Францыя.
Агулам жа каля 35 краінаў згадзіліся пастаўляць зброю і надаваць лагістычнае і выведнае падтрыманне міратворчай місіі. Еўрапейскія лідары ўважаюць, што гэта можа стрымаць Расею ад новага ўварвання ў выпадку спынення агню. Сам Стармэр заявіў, што планы пераходзяць у «аператыўную фазу».
Варта адзначыць, Дзмітрый Мядзведзеў вельмі часта прагаворвае тое, што наўпрост не адважваецца казаць Уладзімір Пуцін. Прычым ягоныя выказванні ўжо стала маюць вельмі зняважлівы і нахабны тон.
Раман Шавель belsat.eu