Суд у Каліфорніі абавязаў кампанію «Starbucks» выплаціць 50 мільёнаў долараў у якасці кампенсацыі дастаўніку, які атрымаў цяжкія апёкі праз недастаткова добра зафіксаваную накрыўку на гарачым напоі.
Дастаўнік ежы Майкл Гарсія пацярпеў у выніку інцыдэнту ў Лос-Анджэлесе ў 2020 годзе, калі пры атрыманні замовы напой выліўся на яго, выклікаўшы сур’ёзныя апёкі і пашкоджанні. Паводле пазову, скіраванага ў Вярхоўны суд Каліфорніі, «Starbucks» не выканала належных абавязанняў у бяспецы.
Адвакат Гарсіі заявіў, што адзін з напояў не быў належным чынам замацаваны ў кантэйнеры, што прывяло да яго падзення і траўм Гарсіі. Суд прызначыў выплату кампенсацыі, як сказана ў тэксце выраку, за фізічны боль, душэўныя пакуты, прыніжэнне, нязручнасці, гора, знявечанне, фізічныя парушэнні, неспакой і эмацыйныя пакуты, з якімі сутыкнуўся дастаўнік.
«Starbucks» плануе абскардзіць пастанову, заяўляючы, што сума кампенсацыі празмерная і што яны заўсёды імкнуцца да высокіх стандартаў бяспекі.
Інцыдэнт нагадвае вядомую справу супраць «McDonald’s» у 1994 годзе, калі кліентка апяклася гарачай каваю і атрымала амаль 3 мільёны долараў кампенсацыі.
Раман Шавель belsat.eu