навіны

Белы дом: Украіна можа не атрымаць членства ў NATO, а тэрыторыі зробяцца прадметам перамоваў

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Zelenskiy / Official / Telegram
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Zelenskiy / Official / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Адміністрацыя Трампа разглядае магчымасць тэрытарыяльных саступак у абмен на гарантыі бяспекі для Украіны. У той жа час у Кіеве вызначыліся з «чырвонымі лініямі» падчас магчымых перамоваў з РФ. 

Белы дом не выключае, што магчымая мірная дамова ў справе Украіны можа ўключаць абмен тэрыторыяў на гарантыі бяспекі. Пра гэта заявіў дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Майкл Ўолц у эфіры «ABC News».

Паводле словаў дарадцы Доналда Трампа, магчымы кампраміс можа прадугледжваць абмен тэрыторыяў на гарантыі бяспекі для Украіны і вызначэнне яе будучага статусу. 

,,

«Гэта будзе нешта накшталт абмену тэрыторыяў на будучыя гарантыі бяспекі, пытанне будучага статусу Украіны. Мы абмяркоўвалі гэта, і, як заяўляў міністр абароны на сустрэчы міністраў абароны NATO, пастаянны шлях або сталае членства Украіны ў NATO вельмі малаімаверныя. І гэта пазіцыя не толькі ЗША, але і шэрагу іншых краінаў», – заявіў Майкл Ўолц.


Дарадца Трампа падкрэсліў, што асноўныя элементы магчымай дамовы ўжо абмяркоўваюцца. ЗША і партнёры шукаюць спосаб пасадзіць бакі за стол перамоваў і праз «чаўночную дыпламатыю» спыніць вайну. Ён таксама адзначыў, што пытанне статусу Данбасу і Крыму мусіць разглядацца з гледзішча нацыянальных інтарэсаў ЗША і рэалістычнасці.

,,

«Мы павінны задацца пытаннем: ці адпавядае гэта нашым нацыянальным інтарэсам? Ці рэальна гэта? Мы ўжо абмяркоўвалі гэта з украінцамі і еўрапейцамі. Ці сапраўды мы можам выгнаць кожнага расейца з кожнага сантыметра ўкраінскай тэрыторыі, уключаючы Крым? Мы губляем сотні тысяч людзей цягам некалькіх месяцаў, і гэта можа прывесці да Трэцяй сусветнай вайны», – адзначыў дарадца Доналда Трампа.


У той жа час, паводле «The Independent», Украіна гатовая да замарожвання лініі фронту ў межах ужо акупаваных тэрыторый, але выключае саступку дадатковых зямель.

Кіеў вызначыў шэраг «чырвоных ліній» для магчымых перамоваў з РФ, яны ўключаюць у сябе адмову ад перадачы Расеі дадатковых тэрыторыяў, вяртанне незаконна вывезеных украінскіх дзяцей, вяртанне грамадзянскіх асобаў, якія ўтрымліваюцца ў палоне, а таксама міжнародныя гарантыі бяспекі ў выпадку парушэння пагаднення.

Што датычыць ужо захопленых тэрыторыяў, Украіна будзе дамагацца іх вяртання дыпламатычнымі шляхамі, адзначыла выданне.

Нагадаем, падчас перамоваў з Украінай у Джыдзе 11 сакавіка ЗША прапанавалі 30-дзённае спыненне агню. Уладзімір Зяленскі пацвердзіў гатовасць да замірэння, калі на гэта пагодзіцца РФ. 13 сакавіка сталася вядома, што спецпасланнік Доналда Трампа Стыў Ўіткаф ужо правёў перамовы ў Расеі.

Да гэтага падчас супольнай прэс-канферэнцыі з Аляксандрам Лукашэнкам Уладзімір Пуцін сказаў, што ён выступае за трывалы мір, але не супраць і прапановы ЗША, толькі пры гэтым сфармуляваў некалькі пытанняў, якія замінаюць такому сцэнару. Адно з іх датычыць лёсу ўкраінскіх вайскоўцаў, якія нібыта застаюцца на тэрыторыі Курскай вобласці ў Расеі і блізкія да акружэння. Пуцін прапанаваў, каб яны здаваліся ў палон. Кіраўнік Расеі таксама сказаў, што не разумее, як забяспечыць маніторынг выканання замірэння на ўсёй лініі фронту, якая мае працягласць больш за 2000 кіламетраў.

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10