У македонскім горадзе Кочані ў начным клубе «Pulse» здарылася маштабная трагедыя: у выніку пажару загінулі 59 чалавек, больш за 150 атрымалі раненні.
Надзвычайнае здарэнне адбылося ў ноч на нядзелю падчас канцэрту вядомага hip-hop-гурта DNK. Паводле першапачатковых звестак, агонь узнік пасля запуску піратэхнічных фантанаў на сцэне – іскры трапілі на гаручую столевую панэль, што прывяло да імклівага распаўсюду полымя.
Паводле мясцовых уладаў, у момант здарэння ў клубе было каля 1500 чалавек, пераважна моладзь. Ахоўнікі спрабавалі тушыць полымя звычайнымі вогнетушыцелямі, але сітуацыя хутка выйшла з-пад кантролю. У памяшканні пачалася паніка, шмат хто не паспеў выбрацца з ахопленага дымам і агнём будынку.
Саліст гурта DNK Уладзімір Блажаў спыніў выступ, убачыўшы полымя, але было ўжо позна – пажар хутка распаўсюджваўся.
Пасля трагедыі паліцыя арыштавала чатырох чалавек, у тым ліку ўладальніка клубу. Праваахоўныя органы высвятляюць, ці былі выкананыя ўсе патрабаванні пажарнай бяспекі падчас правядзення канцэрту.
Прэм’ер-міністр Македоніі Хрыстыян Міцкоскі назваў гэта «адным з самых цяжкіх дзён для Македоніі» і выказаў спачуванні сем’ям загінулых.
Раман Шавель belsat.eu