На датэрміновых парламенцкіх выбарах у Грэнландыі перамагла правацэнтрысцкая апазіцыйная партыя, што выступае за незалежнасць арктычнага вострава ад Даніі. Выбары праходзілі на фоне заяваў прэзідэнта ЗША Доналда Трампа пра імкненне атрымаць кантроль над востравам.
Першае месца атрымала правацэнтрысцкая партыя «Дэмакраты» – у яе цяпер будзе 10 з 31 месца ў грэнландскім парламенце. У параўнанні з мінулымі выбарамі яе прадстаўніцтва павялічылася на 7 мандатаў.
Другое месца мае яшчэ адна незалежніцкая партыя, цэнтрысцка-папулісцкая «Naleraq», – 24,5 % і восем мандатаў (+4 мандаты).
Таксама ў парламент прайшлі яшчэ тры партыі – левая «Inuit Ataqatigiit» (21,4 % і 7 мандатаў) дзейнага прэм’ер-міністра Мутэ Эгедэ, левацэнтрысцкая «Siumut» (14,7 % і 4 мандаты) і ліберальна-кансерватыўная «Atassut» (7,3 % і 2 мандаты).
З пяці парламенцкіх партыяў толькі «Atassut», якая набрала найменшую колькасць галасоў, выступае супраць незалежнасці вострава. Пры гэтым «Naleraq» падтрымлівае як мага хутчэйшае дасягненне суверэнітэту, іншыя партыі – за паступовае. «Naleraq» выступае і за шчыльныя стасункі з ЗША.
Выбары ў ценю Трампа
Грэнландыя – найбуйнейшы востраў у свеце, які каля 300 гадоў кантралюецца Даніяй, размешчанай амаль за 3000 кіламетраў ад яе. Востраў самастойна кіруе ўнутранымі справамі, але пастановы наконт вонкавай і абароннай палітыкі прымаюцца ў Капэнгагене. Нягледзячы на вялікія памеры, праз суворы клімат у Грэнландыі жывуць толькі 57 тысячаў асобаў, з якіх большасць – карэнныя жыхары-інуіты.
Стратэгічная лакацыя Грэнландыі і яе запасы мінеральных рэсурсаў прыцягваюць увагу прэзідэнта ЗША Доналда Трампа. Упершыню ён выказаў ідэю куплі вострава падчас свайго першага прэзідэнцкага тэрміну ў 2019 годзе. У студзені 2025 года, пасля новай інаўгурацыі, ён ізноў заявіў пра жаданне купіць гэтую тэрыторыю «для гарантавання нацыянальнай бяспекі».
Лідары Грэнландыі і Даніі неаднаразова адпрэчвалі ягоныя патрабаванні. Прэм’ер Эгедэ перад выбарамі заявіў, што Грэнландыя не прадаецца і заслугоўвае «паважлівага стаўлення». Пры гэтым Трамп не выключаў і выкарыстання сілы, каб атрымаць кантроль над Грэнландыяй.
Як адзначае AP, перамога партыі «Дэмакраты» на выбарах у Грэнландыі была нечаканаю.
,,«Мы не хочам быць амерыканцамі. Не, мы не хочам быць датчанамі. Мы хочам быць грэнландцамі і хочам уласнай незалежнасці ў будучыні. І мы хочам пабудаваць сваю ўласную краіну самастойна», – сказаў 33-гадовы лідар партыі «Дэмакраты» Енс-Фрэдэрык Нільсэн пасля перамогі.
Пры гэтым ён паведаміў, што ягоная партыя звернецца да ўсіх астатніх партый, каб абмеркаваць будучы палітычны курс Грэнландыі.
Міністр абароны Даніі Трольс Люнд Поўльсэн павіншаваў партыю «Дэмакраты» і папярэдзіў, што новаму ўраду Грэнландыі, хутчэй за ўсё, давядзецца «мець справу з велізарным ціскам» ад Трампа.
Якуб Хруст belsat.eu