Меркаваннi

Дык ці было затрыманне? Каго паказалі беларускім гледачам?

Чалавек праходзіць міма штаб-кватэры Камітэту дзяржаўнай бяспекі ў Менску, Беларусь. 14 лютага 2023 года. Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News
Чалавек праходзіць міма штаб-кватэры Камітэту дзяржаўнай бяспекі ў Менску, Беларусь. 14 лютага 2023 года. Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Гісторыя з затрыманнем Паўла Бялюціна і Васіля Грачыхі выклікае занадта шмат пытанняў. Іх, магчыма, было б менш, калі б не прапагандысцкі ролік БТ. 

Аўтары новага жанру – ігравое кіно, у якім удзельнічаюць дзейныя службовыя асобы, – хутчэй за ўсё імкнуліся паказаць, што… А зрэшты, што менавіта яны хацелі паказаць? Узяць таго ж Паўла Бялюціна. Нам пра яго вядома толькі тое, што меў месца непрыемны інцыдэнт падчас выбараў у Каардынацыйную раду. Тады партыя «Народная Грамада» атрымала ад «Кіберпартызанаў» паведамленне пра тое, што Павел Бялюцін у пачатку 2017 года напісаў на Мікалая Аўтуховіча данос у КДБ, у якім сцвердзіў, што Аўтуховіч сам яму расказаў, што задумаў і ўжо пачаў ажыццяўляць «узброены захоп улады».

Са звестак «Вясны» вядома, што Бялюцін быў затрыманы 12 кастрычніка 2020 года. Яшчэ ёсць інфармацыя аб тым, што ў траўні 2022 года яго судзілі паводле артыкулу 369 Крымінальнага Кодэксу Беларусі («Знявага прадстаўніка ўлады»). Вырак – абмежаванне волі, або «хатняя хімія», але невядома, на які тэрмін.

Аўтары сюжэту сцвярджаюць, што Павел Бялюцін уваходзіў у Віленскую харугву і трэнаваўся там «на ваенізаваны ўзор». Але гэта яшчэ не ўсё. 

,,

Яны кажуць, што нібыта ў 2020-м была нейкая група, якая збіралася атакаваць БелАЭС дронамі. І вось тут таксама пытанні. Рэч у тым, што гэты Бялюцін асабліва не падобны да прыдуркаватага, а любы школьнік ведае, што здарыцца, калі падарваць АЭС. А тамака, аказваецца, яшчэ і цэлая група такіх назбіралася. Ці не зашмат?


Са скупых звестак пра Паўла Бялюціна вядома яшчэ, што Літва некалькі месяцаў таму абвясціла яго пагрозай нацыянальнай бяспецы. Яму далі магчымасць самому пакінуць тэрыторыю Літвы. Ёсць яшчэ адна крыніца – жонка Бялюціна. Яна паведаміла грамадскасці, што ейны муж паехаў некуды «ў Еўропу шукаць працу».

Як Бялюцін апынуўся на тэрыторыі Беларусі, увогуле незразумела. Сеў на аўтобус і паехаў? Ці трапіў у нейкую краіну накшталт В'етнаму, і яго напаткаў лёс Васіля Верамейчыка? Але калі ён быў пастаянным інфарматарам КДБ, то навошта такія складанасці?


Калі чалавек ужо быў раскрыты, то зразумела, што плённа «працаваць» ні ў якой краіне ЕЗ ён не зможа. Адна справа проста тупа збіраць інфармацыю пра грамадзянаў Беларусі ў замежжы, а іншая – уваходзіць у палітычныя структуры ў эміграцыі. Але ў любым выпадку чалавек мусіць мець легальны статус пражывання. А тут так сапсавалі справу «Кіберпартызаны».

Затрыманне Паўла Бялюціна. Скрыншот: NEWS.BY / Telegram
Затрыманне Паўла Бялюціна. Скрыншот: NEWS.BY / Telegram

Нехта напісаў, што Бялюцін знік на тэрыторыі Польшчы. Але гэтаму пакуль няма ніякага пацверджання. Як і невядома, дзе ён увогуле быў. Жонка Бялюціна сцвярджае, што тры тыдні не мела з ім сувязі. Мы не ведаем, колькі менавіта часу здымаўся фільм БТ, але цяпер зразумела, што нейкі час з гэтых трох тыдняў пайшоў на тое, каб Бялюцін ужыўся ў ролю і ўзяў удзел у здымках. Так, ён не прафесійны актор, але грае ён усё ж такі самога сябе, а не Рыхарда Зорге

,,

Калі аналізаваць фільм з пункту гледжання драматургіі, то зразумела, што звышзадача – паказаць найвышэйшы прафесіяналізм супрацоўнікаў КДБ. Навошта ў гэтым пагадзіўся ўдзельнічаць Бялюцін, таксама зразумела. Таму што ў яго, як у тым анекдоце, ёсць два варыянты: дрэнны і вельмі дрэнны.


Магчыма, у фільму будзе яшчэ і другая серыя. Ва ўсякім разе начальнік следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак сказаў:


«Дастаўка ў Беларусь Паўла Бялюціна – гэта апагей вонкавай разведкі, якая доўжылася 732 дні. Усе падрабязнасці аперацыі будуць прадстаўленыя пазней».


У любым выпадку – ці то Бялюцін купіў білет на аўтобус і спакойна паехаў дадому, ці то прыляцеў праз трэцюю краіну – мы, хутчэй за ўсё, праўды не даведаемся. У фільме двое невядомых з павязкамі «КДБ» вядуць яго па трапе і саджаюць у аўтамабіль. Тут мае значэнне толькі адно – быў гэта добраахвотны або прымусовы прыезд.

Допыт Васіля Грачыхі. Скрыншот: NEWS.BY / Telegram
Допыт Васіля Грачыхі. Скрыншот: NEWS.BY / Telegram

Не менш пытанняў выклікае і другі герой фільму – Васіль Грачыха. Аўтары фільму сцвярджаюць, што гэта баец палка Кастуся Каліноўскага з пазыўным Васіліск. Якім чынам і дзе яго затрымалі, таксама не ўдакладняецца. Але ў гэтым пытанні ёсць яшчэ нюансы: восем байцоў палка Каліноўскага, да якіх я звярнулася з просьбай расказаць пра гэтага хлопца, сказалі, што наогул не знаёмыя з такім чалавекам. У прэс-службе палка сцвярджаюць, што Грачыха прыйшоў ваяваць у траўні 2022-га, а ўжо ў чэрвені сышоў. Месяц?

Баец-каліновец Сяргей М. сказаў: 

,,

«Мы ўжо з хлопцамі гэтую сітуацыю абмяркоўвалі сёння. Хто ён? Магчыма, што такі чалавек і збіраўся служыць. Такое бывала, што пачынаў служыць, а потым калі бачыў, што тут рамантыкай і не пахне і гэта не кіно, то падаваў рапарт і сыходзіў. Асабліва спачатку, у красавіку-траўні, такіх выпадкаў было нямала. 


Ведаем мы аднаго такога "байца", які, праўда, пабываў у Кіеўскім катле. Але ён нават не хадзіў на баявыя. Пасля сказаў, што не можа ваяваць, маўляў, гэта не яго. Мы яго больш не бачылі. Потым мінуў нейкі час, і нашыя хлопцы, якія ў Львове ў шпіталі былі, раптам яго сустрэлі тамака на вуліцы. Знайшліся агульныя знаёмыя, якія распавялі, што гэты "баец" расказваў пра свае подзвігі, як там на фронце было. Ну, мы пасмяяліся. Бывае».


На кадрах фільму Грачыха спачатку ў нейкім балоце, а потым спускаецца па трапе ўжо ў чыстым адзенні. Мала таго, на заднім плане бачны снег. У фільме Бялюцін і Грачыха паказаныя нібыта ў адным адрэзку часу, а так адразу зразумела, што здымаліся «эпізоды» ў розны час.


У сапраўдных мастацкіх фільмах гэта называецца накладкай мантажу. Часам у выніку такіх вось промахаў даводзілася нават пераздымаць цэлыя эпізоды. А гэта час, нервы і грошы. Але, магчыма, аўтары гэтага не заўважылі. Так бывае. Ёсць цэлыя ТГ-каналы, якія вышукваюць і паказваюць такія нестыкоўкі нават у сусветных шэдэўрах кінематаграфічнага мастацтва. Але не будзем судзіць строга. Магчыма, наступная серыя будзе больш змястоўная і дасць больш адказаў на пастаўленыя пытанні.

belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10