навіны

Забыты, але не кінуты: як беларусы ўратавалі другога беларуса, якога аўтобус пакінуў у Коўне

Беларусы ўратавалі другога беларуса, якога аўтобус пакінуў у Коўне
Беларусы ўратавалі другога беларуса, якога аўтобус пакінуў у Коўне. Фота: luxexpress.eu
podpis źródła zdjęcia

Кіроўца міжнароднага аўтобуса «Lux Express», што ехаў з Вільні ў Варшаву, пакінуў у Коўне мужчыну – з ягонымі рэчамі, тэлефонам і дакументамі ў салоне. Але беларусы, якія ехалі побач, не адступіліся і зрабілі амаль немагчымае, каб дапамагчы: паднялі трывогу і фактычна ўратавалі чалавека з бяды.

Інцыдэнт адбыўся 29 красавіка, але вядома пра яго стала толькі цяпер. Прыблізна 60-гадовы мужчына выйшаў на прыпынку ў Коне, але не паспеў вярнуцца ў аўтобус «Lux Express», які кіраваўся з Вільні ў Варшаву. Кіроўца, не дачакаўшыся пасажыра, з’ехаў з ягонымі рэчамі, у тым ліку тэлефонам, таблетам і дакументамі.


«У "Lux Express" з Вільні ў Варшаву (адпраўленне а 14:15) аўтобус забыў у Коне мужчыну (прыкладна 60 гадоў). Кіроўца вяртацца адмовіўся. У аўтобусе засталіся ягоныя рэчы, у тым ліку тэлефон і таблет», – напісаў адзін з пасажыраў у беларускім Telegram-чаце.


Беларусы, якія ехалі тым рэйсам, не засталіся абыякавымі і падхапілі. Яны апісалі сітуацыю ў чатах, дзе звычайна абмяркоўваюць навіны пра мяжу і эміграцыю, і пачалі шукаць спосабы дапамагчы:


«У яго быў пакет беларускіх цукерак з "duty free", значыцца, мог мінаць мяжу сёння або ўчора. Можа, нехта яго пазнае».


«Калі хто-небудзь ведае гэтага мужчыну, ён без сувязі. Мы не ведаем, ці выклікаў ён паліцыю. Трэба дапамагчы!»


Хтосьці параіў пасажырам звярнуцца ў кол-цэнтр «Lux Express». Так яны і зрабілі: паведамілі пра інцыдэнт і запатрабавалі адрэагаваць. Кампанія адказала, што «разбіраецца з сітуацыяй», але кіроўца ўсё адно не вярнуўся.


Дзякуючы беларускай салідарнасці і агульным дзеянням мужчыну ўсё ж знайшлі, паведамілі ягоным блізкім, і той працягнуў падарожжа. Паводле сведкаў, інфармацыя пра яго распаўсюдзілася ў некалькіх чатах і сайтах, хтосьці з супольнасці прыехаў яму на дапамогу. Далей мужчына працягнуў вандроўку наступным рэйсам гэтай жа кампаніі.


«Яшчэ раз пераканалася: мы – моцная супольнасць. Калі нават кіроўца цябе пакідае, беларусы – не», – напісала ўдзельніца чату.


«Такія сітуацыі паказваюць, што ніякая мяжа не перашкаджае чалавечнасці», – адказаў хтосьці на гэты каментар.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10