Улады Гомля без анонсу і грамадскага абмеркавання дазволілі расейскім структурам паставіць у цэнтры гораду помнік савецкаму военачальніку Канстанціну Ракасоўскаму. Камень заклалі 6 траўня. Як і раней, гараджанаў проста паставілі перад фактам.
На плошчы Паўстання ў Гомлі з’явіўся падмурак будучага манументу. Як паведамляе мясцовае дзяржаўнае выданне «Гомельская праўда», помнік плануюць адкрыць 26 лістапада, да чарговай гадавіны «вызвалення Гомля ад нямецкай акупацыі». Ініцыятыва належыць Расеі, пра што адкрыта паведамляецца ў СМІ.
Што цікава, з нагоды ўсталявання новага помніку ў Гомлі не было ні публічнага анонсу, ні грамадскага абмеркавання, прадугледжанага беларускім заканадаўствам.
Больш за тое, гэта ўжо не першы такі выпадак. Раней падобным чынам на той жа плошчы Паўстання ў Гомлі ўсталявалі мемарыяльны знак «ахвярам генацыду». Тады старшыня гарвыканкаму Уладзімір Прывалаў зрабіў толькі імітацыю дыскусіі, выклаўшы апытанне з выбарам паміж двума месцамі. Цяпер не зрабілі нават гэтага.
Замест дыялогу з мясцовымі жыхарамі чыноўнік падзякаваў Адміністрацыі прэзідэнта Расеі, пасольству РФ у Беларусі, асабіста паслу Барысу Грызлову і Расейскаму вайскова-гістарычнаму таварыству. Апрача таго, падзяку атрымалі старшыня Гомельскага аблвыканкаму Іван Крупко і Адміністрацыя Лукашэнкі.
Тым не менш расейскія структуры настойваюць на далейшай саветызацыі публічнага ландшафту Гомля. Да прыкладу, вядома, што ў 2023 годзе расейцы ўжо заяўлялі пра ідэю паставіць у горадзе помнік «заснавальнікам Гомля» – без удзелу беларускіх гісторыкаў ці мясцовай супольнасці.
Надзея Вольная belsat.eu