6 траўня Украіна перадала Расеі 205 палонных у межах чарговага абмену. Сярод іх – грамадзянін Беларусі Дзмітрый Ананчык, якога летась захапілі ў Луганскай вобласці. Цяпер ён у Беларусі, але ягоны далейшы лёс невядомы.
Як паведамілі радыё «Свабода» ва ўкраінскім праекце «Хачу жыць», Дзмітрый Ананчык – беларус з Менску, 2000 года нараджэння, быў сярод тых, каго 6 траўня ў межах абмену ваеннапалоннымі перадалі Расеі на тэрыторыі Беларусі. Абмен адбыўся пры ўдзеле Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і без анонсаў.
Шмат якія беларусы, якія трапляюць у палон на баку Расеі, падпісваюць кантракт пад прымусам – у калоніях, спецпрыёмніках або пасля затрымання. Некаторыя нават не атрымалі расейскага грамадзянства, але ўсё роўна апынуліся на фронце.
Дзмітрый Ананчык стаўся беларусам, вяртанне якога афіцыйна пацвердзілі праз абмен. Апавядаем, што пра яго вядома.

Як апавёў Ананчык ва ўкраінскім палоне, у Луганску ён быў «на працы», але ў канцы снежня 2024 года яго затрымалі і завезлі ў пастарунак, дзе трымалі «нелегалаў розных нацыянальнасцяў». Там яго прымусілі падпісаць кантракт з Узброенымі сіламі Расеі. Праз некалькі дзён, 19 снежня, ён трапіў у палон падчас першага баявога задання.
У палоне Ананчык быў шараговым стралком. Згодна з украінскім бокам, пазней расейскіх палонных дапытвае ФСБ, а затым іх могуць ізноў кінуць у «мясныя штурмы» – наступальныя аперацыі з высокім узроўнем стратаў.
Цяпер Дзмітрый у Беларусі, дзе яго чакаюць бацька, брат і пяцігадовы сын. Але невядома, адпусцяць яго дадому ці перавязуць разам з іншымі «расейцамі» ў вайсковы шпіталь.
На сёння, паводле ўкраінскіх уладаў, украінскі бок трымае ў палоне яшчэ мінімум васьмёх грамадзянаў Беларусі, якія ваявалі на баку Расеі, гэта
- Іван Шабунька (з Мастоў Гарадзенскай вобласці);
- Сяргей Шустаў (неаднаразова быз пад судом, прызваны з калоніі);
- Андрэй Лапатнёў (з Віцебску, затрыманы ў Маскве і прымусова завербаваны);
- Артур Яфрэмаў (з Касцюковічаў, 4 разы быў пад судом);
- Яўген Камянькоў (уцякач, быў пад судом, у вышуку);
- Міхаіл Шалгун (з Ушацкага раёну, ваяваў у штурмавым палку);
- Мікалай Жураўлёў (з-пад Віцебску, працаваў у ЛПП і калоніі № 3).
,,«Сёння мы вярнулі 205 воінаў. Яны былі раскіданыя па расейскіх рэгіёнах, у турмах, дзе мэта была адна – знішчыць чалавечнасць. Мы іх вярнулі. І будзем змагацца за кожнага», – напісана ў афіцыйнай заяве прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
Нагадаем: пасля пачатку курскай аперацыі з боку Украіны абмены сталі адбывацца на тэрыторыі Беларусі, якая цяпер ёсць пляцоўкаю для перадачы палонных. У перамовах паміж Расеяй і Украінай у справе абменаў палоннымі бяруць удзел і прадстаўнікі Беларусі: дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ірына Касцевіч, афіцэр КДБ і былы работнік беларускай амбасады ва Украіне Валер Сцепановіч.
Надзея Вольная belsat.eu