У дзяржаўным тэлеэфіры выйшла «інтэрв'ю» з грамадзянінам Польшчы Томашам Бэрэзам, асуджаным на 14 гадоў за «агентурную дзейнасць» і «шпіянаж». Польскі журналіст Міхал Патоцкі ў размове з «Белсатам» не выключыў, што гэта можа быць запрашэннем да перамоваў, аднак Варшава звычайна на такія прапагандысцкія сюжэты не рэагуе.
Томаша Бэрэзу прызналі палітычным вязнем. Яго затрымалі ў жніўні 2022-га, налета далі 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за агентурную дзейнасць і шпіянаж. Бэрэза – грамадзянін Польшчы, жыў у Кобрыне з жонкаю-беларускаю, у сям'і двое дзяцей.
У прапагандысцкім фільме мужчына кажа, што не ведае, ці цікавіўся польскі бок ягоным лёсам, і некалькі разоў просіць кіраўнікоў суседняй дзяржавы дапамогі ў вызваленні:
«Я не разумею, чаму польскія ўлады дасюль не могуць забраць мяне дадому. Я адчуваю, што яны забылі мяне тут. Спадзяюся, польскі ўрад зробіць захады, каб я мог вярнуцца да сваёй сям'і».
Журналіст польскага выдання «Dziennik Gazeta Prawna» Міхал Патоцкі ў каментары «Белсату» адзначыў, што мэтаў у гэтага «інтэрв'ю» магло быць некалькі:
,,«Па-першае, для ўнутранай аўдыторыі, каб паказаць, што палякі – „шпіёны“, „пагражаюць бяспецы Беларусі“, нібыта рыхтуюцца да нейкіх канфліктаў з Беларуссю. Гэта сталая тэма лукашэнкаўскай прапаганды».
Акрамя таго, гэтым фільмам цяперашнія ўлады Беларусі могуць паспрабаваць улезці ў перадвыбарчую кампанію ў Польшчы, справакаваць сваркі паміж кандыдатамі на прэзідэнцтва:
«Лукашэнка думае, што можа дапамагчы яшчэ больш пасварыць палітыкаў, каб падагрэць тэмпературу, каб яны яшчэ больш казалі пра тое, хто вінаваты ў тым, што палякі, перадусім Анджэй Пачобут, сімвал рэпрэсіяў рэжыму, – за кратамі ў Беларусі».
І, нарэшце, паводле Патоцкага, «інтэрв'ю» можа быць запрашэннем да перамоваў з Менскам:
,,«Не выключаю, што гэта таксама сігнал з боку Лукашэнкі, што ён гатовы да нейкіх непублічных размоваў пра вызваленне палякаў у абмен на нейкія саступкі з боку Варшавы».
Суразмоўца «Белсату» сумняецца, што такое «запрашэнне» прымуць у Варшаве. Таксама ён не ўпэўнены, што польскія ўлады наагул афіцыйна адрэагуюць на прапагандысцкае кіно, і не таму, што іх не хвалюе лёс зняволеных у Беларусі суайчыннікаў:
«Я не ведаю, ці будуць перамовы, не ўпэўнены, што будзе нейкая афіцыйная рэакцыя. Польскія ўлады звычайна не рэагуюць на лукашэнкаўскую прапаганду і слушна робіць, бо кожная рэакцыя на прапаганду толькі павялічвае аўдыторыю прапаганды, дадае рэзанансу».
Пры гэтым польскі журналіст не бачыць падставаў параўноўваць гісторыю Бярозы з гісторыяй грамадзяніна Беларусі і ЗША Юрася Зянковіча, які таксама даў «інтэрв'ю» прапагандыстам і неўзабаве быў вызвалены.
«Такіх „інтэрв'ю“ з палітвязнямі прапаганда паказвае вельмі шмат. Гэта можа быць часткаю нейкага гандлю, але, імаверна, гэта папросту частка цэлага цыклу „інтэрв'ю“ з палітвязнямі. Яны ж паказваюць не толькі тых, каго потым адпускаюць, але і тых, хто сядзіць далей», – канстатаваў Міхал Патоцкі.
У МЗС Польшчы на запыт «Белсату» адказалі, што каментаваць «інтэрв'ю» не будуць:
«Міністэрства замежных справаў не каментуе лукашэнкаўскай прапаганды».
Палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч у размове з «Белсатам» падкрэсліў, што такія «пакаянныя» сюжэты з замежнікамі цяперашнія ўлады робяць не ўпершыню:
«Так было і з нямецкім грамадзянінам, які нібыта нешта ўзрываў і дзеяў на заданне ўкраінскіх спецслужбаў, ён мусіў звяртацца да нямецкіх уладаў. Так было з грамадзянінам Украіны, які нібыта ўзарваў самалёт у Мачулішчах і звяртаўся да ўкраінскага ўраду. Так было з тым жа Зянковічам, які таксама апеляваў да амерыканскіх уладаў».
Аналітык упэўнены, што гэтае відэа – запрашэнне за стол перамоваў:
,,«Гэта робіцца наўмысна, і тут відавочна падаецца сігнал польскім уладам: маўляў, давайце размаўляць, давайце ладзіць дыялог, бачыце, вашыя грамадзяне тут пакутуюць. Гэта тактыка ўладаў Беларусі: браць закладнікаў, а потым спрабаваць выкарыстоўваць іх у нейкім палітычным гандлі. Аднаго Пачобута замала, трэба яшчэ нейкія людзі, і тады, імаверна, польскія ўлады пойдуць на саступкі».
Як заўважае Карбалевіч, сапраўдных шпіёнаў зрэдку паказваюць у тэлеэфіры: «Гульня з шпіёнамі сярод спецслужбаў своеасаблівая, іх рэгулярна абменьваюць, і ўсё гэта застаецца ў кулуарах. А тут шпіёна паказваюць на ўсю краіну, ён нешта расказвае, у нечым прызнаецца і просіць улады Польшчы за яго заступіцца. У гэтым паказе ёсць відавочны палітычны падтэкст».
Ці прыме Варшава запрашэнне пасля дэманстрацыі закладніка, прагназаваць цяжка, прызнае суразмоўца «Белсату». У Польшчы таксама сядзяць беларусы, асуджаныя за шпіянаж на карысць Менску, і не было б вялікаю праблемай абмяняцца агентамі:
,,«Але тут выглядае, што ўлады Беларусі высоўваюць нейкія палітычныя патрабаванні, вось у чым праблема. Патрабаванні палітычныя, і таму больш цяжка рабіць прагнозы пра нейкія саступкі».
Пры гэтым, як падсумаваў Карбалевіч, «пакуль не вельмі зразумела, чаго патрабуюць і чаго хочуць улады Беларусі», аднак «на гандаль выставілі жывога чалавека, якога абвінавацілі ў шпіянажы».
Сцяпан Кубік belsat.eu