«Белсат» працягвае сачыць за рэпрэсіямі ў Беларусі, які доўжацца ўжо пяты год, і канца ім не бачна.
Супраць вядомай грамадскай актывісткі Ніны Багінскай завялі крымінальную справу паводле арт. 342-2 Крымінальнага кодэксу («Неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»), піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», Ніну Багінскую ў 2024 годзе тройчы прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці паводле арт. 24.23 («Несанкцыянаванае пікетаванне»). Агульная сума штрафаў склала 7200 рублёў (180 базавых велічыняў). Апроч гэтага, на яе складзеныя яшчэ пяць пратаколаў.
Прычынай для адміністрацыйнага пераследу быў шпацыр па цэнтру Менску са значкам бел-чырвона-белага колеру на адзенні, а таксама неаднаразовая«дэманстрацыя бел-чырвона-белай сімволікі» на вуліцах сталіцы.
Нагадаем, міліцыянты затрымалі актывістку 19 кастрычніка на скрыжаванні праспекту Незалежнасці і вуліцы Казлова, калі спадарыня Ніна з плакатам: «БНФ» рушыла да будынку, дзе некалі месцілася сядзіба партыі БНФ. Яна хацела такім чынам нагадаць грамадскасці, што ў той дзень 36 гадоў таму быў створаны аргкамітэт Беларускага народнага фронту, з якога пачаўся самы масавы апазіцыйны рух у Беларусі.

Паводле дадзеных, якія атрымалі праваабаронцы «Вясны», на палітзняволенага Ігара Аліневіча за кратамі працягваецца ціск – яго зноў змяшчалі ў ШІЗА, дзе ён правёў амаль месяц.
Ігар – актывіст анархічнага руху, якога затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Беларуса абвінавацілі па шэрагу крымінальных артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынку ДАІ, дзяржаўнага камітэту экспертызаў у Гомельскай вобласці і ў выніку прысудзілі да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Вядома, што летась палітвязень трапіў у лякарню ў Калядзічах праз падазрэнне на язву страўніка. Абвастрэнне адбылося пасля галадоўкі, якую Ігар трымаў 14 дзён ў ШІЗА жодзінскай турмы № 8.
Па дзяржаўным тэлебачанні паказалі відэа, на якім нібыта затрымліваюць каліноўца і актывіста апазіцыйнай партыі «Народная Грамада» Паўла Бялюціна і каліноўца Васіля Грачыхі.
Вядома, што ў траўні 2022 года Паўла асудзілі за «абразу прадстаўніка ўлады» паводле крымінальнага арт. 369. Яму прызначылі «хатнюю хімію», аднак дакладны вынік суда невядомы. Начальнік Следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак называе дастаўку Бялюціна ў Беларусь «апагеем аперацыі знешняй выведкі, якая доўжылася 732 дні».
Таксама ў перадачы паказалі відэа затрымання каліноўца Васіля Грачыхі з пазыўным «Васіліск». Паводле відэароліка, яго затрымалі недзе ў балоцістай мясцовасці па-за горадам некалькі супрацоўнікаў КДБ з аўтаматамі. Мужчыну перавозілі верталётам. Ці праўда гэта – пакуль дакладна невядома.

TikTok-старонку палітыка і былога палітвязня Андрэя Дзмітрыева прызналі «экстрэмісцкай».
Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Дзяржынскага раёну 2 траўня. На гэтую старонку падпісаныя амаль 8000 чалавек.
Таксама стала вядома, што ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапілі YouTube-канал «Дизайнер Кос», а таксама TikTok-старонкі «natalliam3» і «ViachaslauBarok».
Надзея Вольная belsat.eu