11 сакавіка 2025 у горадзе Джыда ў Саудаўскай Аравіі адбыліся перамовы паміж дэлегацыямі ЗША і Украіны. Гэтую сустрэчу ўжо загадзя назвалі «лёсавызначальнай» для Украіны, бо ад яе нібыта залежыць справядлівы, доўгатрывалы і моцны мір на тэрыторыі гэтай краіны. Але ці сталася так насамрэч? Сабралі, што вядома па выніках перамоваў.
«Трымаем кулачкі»
Сустрэча амерыканскага і ўкраінскага бакоў ў Джыдзе стала першай пасля канфлікту, які адбыўся ў Авальнай зале Белага дома 28 лютага.
Уладзімір Зяленскі прыбыў у Саудаўскую Аравію напярэдадні, дзе сустрэўся з наследным прынцам Мухамедам бін Салманам. Аднак у саміх перамовах ён удзелу не браў.
«Украінская каманда застаецца ў Джыдзе для працы з амерыканскай камандай у аўторак, 11 сакавіка, і мы спадзяёмся на практычны вынік. Украінская пазіцыя на сустрэчы будзе абсалютна канструктыўнай», – напісаў Уладзімір Зяленскі ў афіцыйным тэлеграм-канале пасля сустрэчы з наследным прынцам Саудаўскай Аравіі.
У склад украінскай дэлегацыі ўвайшлі кіраўнік офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак, міністр абароны Рустэм Умераў і намеснік кіраўніка офіса прэзідэнта Паўло Паліса.
З амерыканскага боку –- дзяржсакратар ЗША Марк Руб’ёў, спецыяльны прадстаўнік Доналда Трампа Стыў Ўіткоф і дарадца амерыканскага прэзідэнта Майк Ўолц.
Унутры Украіны назвалі гэтую сустрэчу «лёсавырашальнай» – так, напрыклад, пра яе выказалася былая прэм’ерка краіны Юлія Цімашэнка. «Я жадаю нашай дэлегацыі і нашым хаўруснікам мудрасці, сілы, упэўненасці, Божай помачы. Я жадаю Украіне Перамогі на гэтых лёсавырашальных у нашым жыцці перамовах… Молімся і трымаем кулакі!» – напісала яна ў сваім Facebook-акаўнце.

Чаканні ад перамоваў
І трымаць кулакі было за што: пасля вядомай сустрэчы ў Авальнай зале Злучаныя Штаты, паводле сцвярджэння многіх палітолагаў, абралі стратэгію ціску менавіта на Украіну: спыненне ваеннай дапамогі, абмену разведдадзенымі, працісканне ўгоды па каштоўных мінералах на выгадных для ЗША ўмовах і іншыя крокі адміністрацыі Трампа прывялі ў выніку да таго, што расейскія войскі на полі бою пачалі актыўнае і часам паспяховае прасоўванне (асаблівая актывізацыя бачная на Куршчыне: прама ў часе трывання перамоваў расейскія войскі захапілі частку горада Суджа).
Падчас саміту ў Вялікай Брытаніі, які адбыўся 2 сакавіка, Уладзімір Зяленскі спрабаваў заручыцца падтрымкай еўрапейскіх лідараў, але там жа атрымаў відавочныя сігналы аб тым, што стасункі з амерыканскім прэзідэнтам усё ж варта наладзіць.
У выніку з’явіліся заявы ўкраінскага прэзідэнта, у якіх выказвалася шкадаванне аб тым, што адбылося ў Авальнай зале, і дэманстраваўся настрой на канструктыўнае вядзенне перамоваў з амерыканскім бокам. Крыху пазней мы нават даведаліся, што ўкраінскі прэзідэнт прыносіў свае прабачэнні Доналду Трампу за інцыдэнт – ва ўсякім разе пра гэта паведамляў адмысловы прадстаўнік Трампа на Блізкім Усходзе Стыў Ўіткоф.
Незадоўга да перамоваў Зяленскі акрэсліў, што павінна стаць першым крокам да сапраўднага міру: гэта, на яго думку, «цішыня ў небе» і «цішыня на моры». Такія тэзы ён агучыў 7 сакавіка пасля чарговай атакі, якую здзейсніла РФ па тэрыторыі Украіны, выкарыстаўшы больш за 70 ракет і амаль дзвесце беспілотнікаў.
Як пісала агенцтва AFP, спасылаючыся на аднаго з украінскіх чыноўнікаў, менавіта гэтая прапанова Кіева – аб спыненні агню ў паветры і на моры – была прадметам абмеркавання падчас сустрэчы амерыканскай і ўкраінскай дэлегацый у Саудаўскай Аравіі. Чыноўнік адзначыў, што такое замірэнне лёгка ажыццявіць і кантраляваць, таму яно можа стаць першым крокам да больш шырокага спынення баявых дзеянняў.
Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў таксама прадэманстраваў, што Крэмль уважліва сочыць за тым, што адбываецца ў перагаворным працэсе паміж украінскім і амерыканскім бакамі. Ён таксама параіў не спяшацца надзяваць «ружовыя акуляры» і казаць пра тое, што «зараз амерыканцы перастануць пастаўляць зброю [Украіне] або ўжо перасталі, зараз Маск выключыць свае сістэмы сувязі, і ў нас усё атрымаецца. У нас і без таго ўсё атрымліваецца», адзначыў Пяскоў.
Паводле інфармацыі Bloomberg, цалкам магчыма, што пасля перамоваў з украінаскай дэлегацыяй спецпасланнік Трампа на Блізкім Усходзе Стыў Ўіткоф плануе чарговы візіт у Маскву для сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Пры гэтым прэс-сакратарка МЗС РФ Марыя Захарава не пацвердзіла і не абвергла гэтай інфармацыі.

Аптымістычны настрой
Перамовы выдаліся па-сапраўднаму доўгімі. Толькі першы раўнд цягнуўся каля чатырох гадзінаў, агулам жа яны цягнуліся каля дзевяці гадзінаў.
Пасля заканчэння перамоваў сігналам пра тое, што яны прайшлі паспяхова выглядала заява прэс-сакратаркі Дзярждэпартаменту ЗША Тэмі Брус.
,,«Вельмі хвалюючы дзень, які можа шмат значыць для ўсіх людзей ва ўсім свеце, калі справа даходзіць да таго, што важна… Могуць з'явіцца і іншыя фантастычныя навіны для чалавецтва, таму мы настроены вельмі аптымістычна», – адзначыла яна пасля завяршэння перамоваў.
І нарэшце бакі выступілі з супольнай заявай. Прадстаўнікі абедзвюх краін высока ацанілі мужнасць украінскага народа, які абараняе сваю дзяржаву, і пагадзіліся, што цяпер надышоў час распачаць працэс усталявання доўгатэрміновага міру ва Украіне.
Украінская дэлегацыя ў чарговы раз выказала шчырую падзяку ад імя ўкраінскага народа прэзідэнту Трампу, Кангрэсу ЗША і народу Злучаных Штатаў за падтрымку, якая дазволіла дасягнуць значнага прагрэсу на шляху да міру.
Таксама Украіна выказала гатовасць прыняць прапанову ЗША аб неадкладным увядзенні часовай, 30-дзённай дамоўленасці аб спыненні агню, якая можа быць падоўжана па ўзаемнай згодзе бакоў пры ўмове яе прыняцця і адначасовага выканання з боку Расейскай Федэрацыі. У заяве адзначана, што Злучаныя Штаты давядуць да ведама Расеі, што яе ўзаемнасць з'яўляецца «ключом да дасягнення міру».
Акрамя таго, Злучаныя Штаты неадкладна адмяняюць прыпыненне ў абмене разведвальнымі дадзенымі і аднаўляюць дапамогу Украіне.
Падчас перамоваў дэлегацыі абмеркавалі важнасць гуманітарных намаганняў як часткі мірнага працэсу, у тым ліку падчас спынення агню. Асаблівую ўвагу надалі пытанням абмену ваеннапалоннымі, вызваленню зняволеных цывільных асоб і вяртанню гвалтоўна перамешчаных украінскіх дзяцей.
,,«Абедзве дэлегацыі дамовіліся вызначыць склад сваіх перамоўных груп і неадкладна пачаць перамовы для дасягнення ўстойлівага міру, які мусіць забяспечыць доўгатэрміновую бяспеку Украіны. Злучаныя Штаты ўзялі на сябе абавязацельства абмеркаваць гэтыя канкрэтныя прапановы з прадстаўнікамі Расеі. Украінская дэлегацыя падкрэсліла, што еўрапейскія партнёры павінны быць уключаныя ў мірны працэс», – гаворыцца ў заяве.
І ўрэшце, прэзідэнты ЗША і Украіны дамовіліся як мага хутчэй заключыць усёабдымную дамову аб распрацоўцы крытычных мінеральных рэсурсаў Украіны, каб умацаваць украінскую эканоміку і гарантаваць доўгатэрміновы дабрабыт і бяспеку краіны.

Настаў час для поўнай праўды
Вынікі перамоваў пракаментаваў у сваім тэлеграм-акаўнце Уладзімір Зяленскі.
Ён адзначыў, што Украіна падчас сустрэчы прапанавала тры асноўныя крокі: «гэта ціша ў небе», «ціша на моры» і рэальныя захады ўсталявання даверу, перадусім – вызваленне палонных.
Амерыканскі бок падтрымаў гэтыя прапановы, кажа Зяленскі, і выступіў з ініцыятывай зрабіць наступны крок – усталяваць 30-дзённае поўнае спыненне агню не толькі ў паветры і на моры, але і па ўсёй лініі фронту. Украіна падтрымала гэтую ініцыятыву і заявіла аб сваёй гатовасці да такога кроку.
Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што цяпер ЗША павінны пераканаць Расею прыняць гэтыя ўмовы: «Мы пагаджаемся, і калі «рускія» пагодзяцца – у той момант цішыня запрацуе», – адзначыў ён.
Зяленскі падкрэсліў, што Украіна гатовая да міру, і цяпер чарга за Расеяй, каб паказаць сваю гатовасць або да спынення вайны, або да яе працягу:
,,«Украіна гатова да міру. Сваю гатовасць спыніць вайну ці працягваць вайну павінны паказаць у Расеі. Настаў час для поўнай праўды», – падкрэсліў прэзідэнт Украіны.
Дзяржсакратар Белага дому Марк Руб’ёў пасля перамоваў адзначыў, што Украіна і ЗША зрабілі пазітыўны крок у ходзе сённяшніх перамоваў, і ён спадзяецца, што Расея адкажа ўзаемнасцю, перадае Интерфакс. Ён падкрэсліў, што праз некалькі каналаў перадасць прапановы аб прыпыненні агню расейскаму боку.
«Зараз мяч на баку РФ у пытанні міру ва Украіне», – сказаў Руб’ёў.
Дарадца амерыканскага прэзідэнта Майк Ўолц па выніках сустрэчы сказаў, што падчас перамоваў былі абмеркаваны таксама гарантыі, якія Украіна будзе мець для доўгатэрміновай бяспекі.
З заявамі выступіў таксама і прэзідэнт ЗША Доналд Трамп. Ён адзначыў, што гатовы зноў запрасіць у Белы дом Уладзіміра Зяленскага. Трамп выказаў спадзяванне, што Расея пагодзіцца на спыненне агню, і адзначыў, што сустрэчы з расейскімі прадстаўнікамі адбудуцца ўжо 11 і 12 сакавіка. Але, калі прымусіць Расею спыніць агонь не ўдасца, то «мы проста працягнем ваяваць», падкрэсліў кіраўнік Белага дому.
У той жа час на фоне ўсіх заяваў, якія прагучалі пасля сустрэчы, рэдактар выдання «BILD» Юльян Ропке зрабіў цікавую заўвагу, што, верагодна, Уладзімір Пуцін прыме прапанову пра 30-дзённае замірэнне.
,,«Верагодна, Пуцін пагодзіцца з 30-дзённым замірэннем. Менавіта столькі яму патрэбна часу, каб перамясціць 20 000 салдат з Курска на Данбас», – адзначыў Ропке у сваім акаўнце «Х».
У той жа час першыя рэакцыі з боку Расеі сведчаць пра тое, што не ўсім у гэтай краіне падабаюцца ідэі пра замірэнне: так, дэпутат Дзярждумы Віктар Собалеў заявіў, што ісці на 30-дзённае замірэнне недапушчальна, бо ЗША за гэты час пераўзброяць Украіну.
Раман Шавель belsat.eu