Назіраецца глабальны крызіс у даставе фісташак, а цэны на іх выраслі на траціну праз папулярнасць дубайскага шакаладу, піша «Financial Times».
Дубайскі шакалад, у склад якога ўваходзіць фісташкавая паста, цеста кадаіф і малочны шакалад, пачала вырабляць кампанія «FIX» з ААЭ ў 2021 годзе. Гэты шакалад здабыў раптоўную папулярнасць дзякуючы роліку ў TikTok, апублікаваным у снежні 2023-га і сабраў больш за 120 млн праглядаў. Ролік выклікаў велізарны попыт на дубайскі шакалад.
Паводле Джайлза Гэкінга з кампаніі «C. G. Hacking», якая гандлюе арэхамі, цэны на ядры фісташак за апошні год падскочылі з $ 7,65 да $ 10,30 за фунт (каля 450 г).
Злучаныя Штаты Амерыкі лічацца найбуйнейшым экспарцёрам фісташак у свеце. Паводле Гэкінга, ураджай у ЗША летась быў вышэйшай якасці, як звычайна, што прывяло да памяншэння колькасці танных ядраў без шкарлупіны, якія звычайна прадаюцца ў якасці інгрэдыентаў да шакаладу і іншых харчоў.
«Продажы былі невялікія, таму, калі з'яўляецца дубайскі шакалад і [шакалацье] скупляюць усе ядры, якія трапляюцца ім пад руку, астатні свет адчувае дэфіцыт», – сказаў Гэкінг.
Другі паводле велічыні вытворца фісташак у свеце, Іран, за апошнія паўгода экспартаваў у ААЭ на 40 % больш фісташак, чымся за 12 месяцаў да гэтага. У выніку мясцовыя кампаніі сутыкнуліся з дэфіцытам.
У Вялікай Брытаніі некаторыя крамы нават абмяжоўваюць колькасць плітак дубайскага шакаладу, якія можа купіць адзін чалавек.
Арсен Рудэнка belsat.eu