Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сустрэнуцца ў Валгаградзе ў канцы красавіка на форуме да 80-годдзя перамогі. Пра гэта беларускі палітык паведаміў падчас візіту ў святыню Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Талачыне.
«Мы фактычна робім першыя крокі ў святкаванні гэтай вялікай перамогі ўжо сёння. Днямі мы працягнем святы каля Сталінграду, на валгаградскай зямлі. З прэзідэнтам Расеі мы дамовіліся, там сустрэнемся, пагаворым з моладдзю, аддамо даніну павагі героям, якія змагаліся на Волзе. Затым – парад у Маскве, у Беларусі», – апавёў Аляксандр Лукашэнка.
Сёлета кіраўнікі Беларусі і Расеі ўжо бачыліся падчас візіту Лукашэнкі ў Крэмль 13–15 сакавіка. Гэта была першая замежная паездка Лукашэнкі пасля чарговага прызначэння сябе на пасаду прэзідэнта.
Тады палітык усяляк запэўніваў Пуціна ў адданасці і вечным сяброўстве.
«У нашай краіне няма ніякай русафобіі, захоўваецца паважлівае стаўленне да агульнай гісторыі, рэлігіі, традыцыяў. Шмат гадоў таму я сказаў, што Беларусь ніколі не дазволіць нанесці ўдару ў спіну свайму старэйшаму брату – расейскаму чалавеку. Не змяняем мы гэтаму абяцанню і сёння, надзейна абараняючы і засцерагаючы наш саюз», – казаў Лукашэнка.
Арсен Рудэнка belsat.eu